Мінск 17:47

Маці і сын загінулі ў ДТЗ пад Талачынам

Фота: МУС

29 лістапада, Позірк. Аб дарожна-транспартным здарэнні, якое пацягнула гібель людзей у Талачынскім раёне (Віцебская вобласць), паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Адзначаецца, што трагедыя адбылася каля 9 гадзін 29 лістапада на 503-м кіламетры аўтадарогі М-1 Брэст — Мінск — мяжа РФ.

Паводле папярэдняй інфармацыі, кіроўца аўтамабіля “Фальксваген” заснуў за стырном і ўчыніў спадарожнае сутыкненне з паўпрычэпам фуры “Мэрсэдэс”.

У выніку ДТЗ двое пасажыраў легкавога аўто — 44-гадовая жанчына і яе 21-гадовы сын — загінулі.

У апошнія дні на дарогах Беларусі адбылося адразу некалькі аварый з ахвярамі.

27 лістапада на 179-м кіламетры трасы M8 Віцебск — Гомель — мяжа Украіны ў вёсцы Антонаўка Аршанскага раёна (Віцебская вобласць) буксіраваны аўтамабіль “Опель” выехаў на сустрэчную паласу, дзе сутыкнуўся з “Фальксвагенам”. Кіроўца “Фальксвагена” загінуў на месцы.

У той жа дзень каля вёскі Калінава Віцебскага раёна кіроўца аўтамабіля “Нісан”, паводле папярэдняй інфармацыі, не справіўся з кіраваннем, выехаў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з грузавіком “Вольва”. Ад атрыманых раненняў пасажырка легкавога аўто памерла.

Начальнік галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС Віктар Ротчанкаў 23 лістапада паведаміў, што толькі за гэты дзень шэсць чалавек загінула ў выніку дарожных аварый.

У 15 гадзін на 147-м кіламетры аўтадарогі М6 Мінск — Гродна кіроўца заснуў за стырном і страціў кіраванне, пасля чаго яго “Опель” вылецеў за межы праезнай часткі, наехаў на дарожную агароджу і неаднаразова перакуліўся. У ДТЗ загінулі чатыры пасажыры: дзеці 7 і 17 гадоў, дзве жанчыны 55 і 68 гадоў. У сямімесным мінівэне ехала шэсць чалавек.

Па ўказанні міністра Івана Кубракова Ротчанкаў выехаў на месца ДТЗ. Ён таксама паведаміў, што “апошнім часам адзначаецца ўсплёск і лабавых сутыкненняў”.

Паводле даных МУС, у 2023 годзе ў ДТЗ загінула 436 чалавек, за 9 месяцаў 2024 года — 276.

Падзяліцца: