Мінск 21:41

Затрыманы на акцыі пратэсту ў Тбілісі грамадзянін Беларусі да суда ўтрымліваецца ў СІЗА Сігнахі

Акцыя пратэсту ў Тбілісі 29 лістапада 2024 года, на якой быў затрыманы грамадзянін Беларусі Яўген Муравіцкі
Фота: "Позірк"

1 снежня, Позірк. Інфармацыя грузінскага праўладнага тэлеканала “Імедзі” аб затрыманні на акцыі пратэсту ў Тбілісі грамадзяніна Беларусі Яўгена Муравіцкага пацверджаная, паведаміў “Позірку” праваабаронца Раман Кісляк.

Да суда Муравіцкі, якому ў чэрвені споўнілася 25 гадоў, знаходзіцца ў СІЗА горада Сігнахі (вядомы турыстычны цэнтр) у 109 км ад сталіцы. “Нібыта таму, што месцы зняволення ў Тбілісі перапоўненыя”, — сказаў Кісляк, які пражывае ў Грузіі і дамагаецца права на прытулак. Паводле яго слоў, даставіць Муравіцкага ў суд абавязаныя на працягу 48 гадзін з моманту затрымання.

Грузінская апазіцыя аспрэчвае афіцыйныя вынікі кастрычніцкіх парламенцкіх выбараў, паводле якіх больш за палову месцаў зноў атрымала кіроўная партыя “Грузінская мара” прарасійскага мільярдэра Бідзіны (Барыса) Іванішвілі.

Пратэсты ўспыхнулі ў краіне з новай сілай 28 лістапада пасля заявы прэм’ер-міністра (апазіцыя называе яго “так званым прэм’ер-міністрам” і “прэм’ер-міністрам “Грузінскай мары”) Іраклія Кабахідзэ аб замарожванні да 2028 года перамоваў пра ўступленне Грузіі ў Еўрасаюз і адмову ад любых бюджэтных грантаў ЕС.

28 і 29 лістапада ў Тбілісі ў выніку сутыкненняў, паводле інфармацыі МУС, было затрымана 150 чалавек (43 і 107 адпаведна). Муравіцкага затрымалі ў другі дзень разам з 8 грамадзянамі Расіі і адным амерыканцам. Мясцовыя праваабаронцы, апазіцыйныя журналісты і палітыкі ацанілі дзеянні паліцыі як неадэкватныя, асабліва 29 лістапада: на відэакадрах бачна, як сілавікі збіваюць людзей, якія ляжаць; акрамя таго, пацярпелі прадстаўнікі СМІ.

30 лістапада на вуліцах Тбілісі і іншых гарадоў прайшлі самыя масавыя акцыі непадпарадкавання. Іх падтрымлівае прэзідэнт Саламэ Зурабішвілі, якая мае паводле Канстытуцыі абмежаваныя паўнамоцтвы. Сілавікам, якія падпарадкоўваюцца ўраду, упершыню не ўдалося разагнаць пратэстоўцаў, і акцыя без перапынку працягнулася 1 снежня. Затрыманых у трэці дзень было менш — 50.

Падзяліцца: