Мінск 02:23

Ціханоўская: Мы не павінны дазволіць дыктатарам пасварыць беларусаў і літоўцаў

Архіўнае фота: прэс-служба Ціханоўскай

2 снежня, Позірк. Беларусы і літоўцы “ніколі не былі ворагамі”, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 2 снежня ў Вільнюсе на канферэнцыі “Беларусь — Літва: у будучыню праз агульныя каштоўнасці”, якую праводзяць арганізацыі Wilfried Martens Centre for European Studies і Konrad Adenauer Stiftung.

“Нас аб’ядноўваюць стагоддзі гісторыі, каштоўнасці, блізкая культура, — сказала палітык. — А самае важнае — гэта тое, што беларусы, як і літоўцы, бачаць сваю будучыню ў еўрапейскай сям’і народаў”.

Паводле яе слоў, беларусы сёння праходзяць “той шлях да свабоды, які некалі праходзіла Літва”.

“І таму вы як ніхто разумееце, як цяжка, як доўга, але як важна пераадолець гэты шлях, — звярнулася яна да прымаючага боку. — Менавіта таму Літва ўсе гэтыя гады падтрымлівала нашу барацьбу, прымала ўцекачоў, давала стыпендыі студэнтам, заступалася за Беларусь на міжнароднай арэне”.

“Асабліва моцнай”, падкрэсліла яна, гэтая падтрымка была “пасля 2020 году, калі больш за 70 тысяч беларусаў знайшлі тут бяспечны прытулак”. 

“Літва адкрыла свае дзверы рэпрэсаваным беларускім медыя, грамадскім ініцыятывам, сумленным бізнесам, — адзанчыла спікер. — Вы не толькі падтрымалі нас, але і сталі нашымі саюзнікамі ў барацьбе за свабоду. І мы ніколі-ніколі гэтага не забудзем”. 

Паводле слоў палітыка, “цяпер добры момант паглядзець”, якія праблемы стаяць перад беларусамі і літоўцамі, што можна зрабіць разам, каб умацаваць стасункі паміж народамі.

“Першае — мы не павінны дазволіць дыктатарам пасварыць беларусаў і літоўцаў, — заявіла яна. — А менавіта такую мэту яны перад сабой ставяць. Мы бачылі напады на беларускую царкву, музей Луцкевіча, краму “Кропка”. Бачылі дзіўныя графіці на вуліцах Вільні, каля офісу арганізацыі “Дапамога” ці карчмы “1863”. Гэтаксама мы бачылі фэйкі і маніпуляцыі вакол так званага “літвінізму”, мэта якіх была — сапсаваць стаўленне літоўцаў да беларусаў. Рэжым нібыта шукаў слабое месца, каб разбурыць нашую салідарнасць. На гэта нельга паддавацца. І мы павінны супрацьстаяць гэтым правакацыям разам”. 

Беларусы і літоўцы, паводле слоў Ціханоўскай, “павінны палепшыць узаемнае разуменне”. Яна заклікала “арганізоўваць дыскусіі экспертаў, інтэлектуалаў і культурныя падзеі, перакладаць літаратуру, дзяліцца гісторыямі і выходзіць у медыя, каб будаваць масты” паміж двума народамі.

“Летась мы запусцілі беларуска-літоўскі інтэлектуальны клуб, правялі слуханні ў Сейме і канферэнцыю, прысвечаную зняволеным філосафам, — нагадала яна. — Таксама ў Вільні дзейнічае ўнікальная школка — гімназія Францішка Скарыны, дзе дзеткі могуць вывучаць і беларускую, і літоўскую мовы. Але, на жаль, праз новае заканадаўства яна можа страціць свой статус. Мы павінны разам захаваць гэтую ўстанову, якая дапамагае дзецям не губляць сувязь з Беларуссю”.

Беларусы, якія апынуліся ў Літве, заявіла палітык, “хутка інтэгруюцца: вывучаюць літоўскую мову, прывозяць з сабой досвед, кантакты, ствараюць новыя працоўныя месцы”. Разам з тым “праз візавыя ці іншыя складанасці, многія цяпер пераязджаюць у Польшчу ці іншыя краіны”, канстатавала яна.

“Некаторыя праблемы вырашаюцца, — сказала Ціханоўская. — І мы ўдзячныя Літве за тое, што яна працягвае выдаваць візы, а ад нядаўняга часу — пашпарты замежніка і доўгатэрміновыя дазволы на жыхарства на тры гады”.

“Аднак, трэба прызнаць, не заўжды стаўленне да беларусаў справядлівае. Часта бываюць адмовы па фармальных прычынах ці нават праз радок ў біяграфіі. Апошні выпадак [здарыўся] з беларускім ваяром палка Каліноўскага Васілём Верамейчыкам, які не атрымаў дазволу жыць у Літве — толькі таму, што ён некалі служыў у беларускім войску. Цяпер ён у турме ў Беларусі”.

Спікер заклікала зрабіць усё магчымае, каб беларускія дабраахвотнікі-ветэраны маглі легалізавацца ў Літве, бо яны змагаліся “не толькі за Украіну ці Беларусь, але таксама за ўсю Еўропу”.

“Безумоўна, мы разумеем засцярогі наконт бяспекі і гатовыя дапамагаць у верыфікацыі і выяўленні агентаў. Але заклікаем не класці беларусаў і расіян у адзін кошык, не ставіць знак роўна паміж беларусамі і рэжымам. Ізалюючы рэжым, не ізаляваць людзей”, — дадала яна. 

Ціханоўская заклікала “разам адстойваць еўрапейскую будучыню і еўрапейскія каштоўнасці, выступаць адным голасам на міжнароднай арэне”. 

Беларусы, паводле яе слоў, “хацелі б бачыць сваю краіну бяспечнай, незалежнай, дэмакратычнай дзяржавай, як Літва”, а гэта “магчыма толькі ў выпадку арыентацыі на Еўропу, а не на Расію”. 

“Свабодная і незалежная Беларусь таксама і ў нацыянальных інтарэсах Літвы, — упэўненая яна. — У вас будзе спакойная мяжа і прадказальны сусед, а не пастаянная крыніца праблем і пагроз, як цяпер. Так, сёння Беларусь ўзнаходзіцца пад паўзучай акупацыяй Расіі. У краіне тысячы палітзняволеных, рэпрэсіі не спыняюцца, вынішчаецца грамадзянская супольнасць і беларуская ідэнтычнасць”. 

Але “нягледзячы на тэрор”, беларусы, падкрэсліла яна, не здаліся, не адмовіліся ад сваіх мэтаў і працягваюць барацьбу. “Нехта — унутры краіны, нехта — у выгнанні. І ў гэтай барацьбе як ніколі важна захоўваць адзінства, шукаць саюзнікаў і падтрымліваць адно аднаго. Памятайце: салідарнасць — гэта наша галоўная сіла і галоўная зброя”, — падсумавала палітык.

Падзяліцца: