Мінск 21:46

Лукашэнка чакае ў Мінску прэзідэнта Лаоса

2 снежня, Позірк. Мінск і В’енцьян зацікаўлены ў далейшым развіцці ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва і практычнай рэалізацыі “значнага эканамічнага патэнцыялу беларуска-лаоскіх сувязей”, гаворыцца ў віншаванні Аляксандра Лукашэнкі прэзідэнту Лаоса Тханглуну Сісуліце з нагоды нацыянальнага свята — Дня абвяшчэння Рэспублікі.

На думку віншавальніка, сяброўства дзвюх краін “праверана часам”.

“Мы ўпэўнена будуем двухбаковы партнёрскі дыялог. У абедзвюх дзяржаў аднолькавыя падыходы па прынцыповых пытаннях глабальнага і рэгіянальнага парадку дня, у тым ліку мірнага вырашэння любых канфліктаў на аснове міжнароднага права”, — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.

Ён пацвердзіў запрашэнне Сісулетэ наведаць Беларусь у “любы зручны час” для “падрабязнага абмеркавання ўсіх спраў, якія ўяўляюць узаемную цікавасць для дзвюх краін”.

Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Лаоскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікай устаноўлены 7 лютага 1994 года.

Гэта паўднёва-азіяцкая дзяржава рэгулярна падтрымлівае Беларусь на міжнародных пляцоўках, выступаючы разам з такімі краінамі, як Эрытрэя, Зімбабвэ, Венесуэла, Нікарагуа, Сірыя, Куба, Судан, Іран супраць антыбеларускіх рэзалюцый.

Паводле звестак МЗС за 2021 год, тавараабарот паміж Беларуссю і Лаосам склаў 7 млн 141,1 тыс. долараў.

Пазнейшыя даныя не прыводзяцца.

Падзяліцца: