Мінск 18:22

Улады Гродна не маюць грошай на памятную шыльду ў гонар Васіля Быкава — гарвыканкам

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

2 снежня, Позірк. Гродзенскі гарвыканкам даў адмоўны адказ на петыцыю жыхароў горада з прапановай усталяваць памятную шыльду ў гонар пісьменніка Васіля Быкава, паведамляе Hrodna.life.

Петыцыя з прапановай ўсталяваць шыльду на доме па вуліцы Вялікая Траецкая, 28, дзе пісьменнік жыў некаторы час з 1958 года, з’явілася на рэсурсе e-petitions.by напрыканцы кастрычніка, яе падпісалі 29 чалавек.

У петыцыі адзначалася, што дзякуючы мемарыяльнай шыльдзе ў горадзе з’явіцца “важны культурны аб’ект”, тады як яе адсутнасць перашкаджае ўшанаванню ўнёску Быкава ў беларускую і сусветную літаратуру.

У адказе гарвыканкама, складзеным на пісьменнай беларускай мове, адзначаецца, што “разліковымі паказчыкамі па г. Гродна не прадугледжана фінансаванне расходаў на стварэнне аб’ектаў манументальнага мастацтва ў горадзе, у тым ліку мемарыяльнай або памятнай шыльды ў памяць Васіля Быкава”.

Там таксама адзначылі, што “ў студзені 2023 г. у літаратурным аддзеле УК (установа культуры. — “Позірк”.) “Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей” (былы музей Максіма Багдановіча) была значна пашырана экспазіцыя, прысвечаная Васілю Быкаву, на якой экспануюцца ў тым ліку асабістыя рэчы пісьменніка”.

Адказ на зварот гродзенцаў падпісала намеснік старшыні гродзенскага гарвыканкама Зоя Кулеша. Яна падзякавала аўтарам за “актыўную жыццёвую пазіцыю і ўнесеныя прапановы”.

Васіль Быкаў — беларускі празаік, драматург, публіцыст, класік беларускай літаратуры. Нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 года ў вёсцы Бычкі Віцебскай вобласці.

У аснове творчасці Быкава — праўда аб Другой сусветнай вайне, апісанне яе драматычных і трагічных сітуацый, пільная ўвага да думак і пачуццяў чалавека, дэмакратызм і абвостраная чалавечнасць, філасофская насычанасць і выразнасць апавядальнай манеры.

Пісьменнік меў актыўную грамадзянскую пазіцыю, быў адным з непрымірымых апанентаў Аляксандра Лукашэнкі. Уваходзіў у аргкамітэт, а затым у сойм Беларускага народнага фронта, быў прэзідэнтам Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, прэзідэнтам Беларускага ПЭН-цэнтра.

З 1998 года жыў у эміграцыі. Вярнуўся на радзіму незадоўга да смерці.

Памёр 22 чэрвеня 2003 года ад анкалагічный хваробы. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску. Падчас пахавання труна была накрытая бел-чырвона-белым сцягам, развітацца з класікам прыйшлі дзясяткі тысяч людзей.

Пасля падзеяў 2020 года ўлады пачалі праводзіць спешную ідэалагізацыю адукацыі. Паралельна вядзецца барацьба з няўгоднымі кнігамі: мастацкая і гістарычная літаратура ўвесь час папаўняе “Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў”, які вядзе Мінінфарм.

Падзяліцца: