Мінск 21:20

Лукашэнка назваў тытунёвыя вырабы і алкаголь “здароўем людзей”

2 снежня, Позірк. Беларуская дзяржава не будзе адыходзіць ад манаполіі на вытворчасць і рэалізацыю алкагольнай прадукцыі, нягледзячы на прэтэнзіі “многіх дружалюбных краін”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, згаджаючыся на прызначэнне новага генеральнага дырэктара ААТ “Мінск Крышталь” — кіруючай кампаніі “Мінск Крышталь Груп” Андрэя Дземідаўца.

“Трэба трымаць пад кантролем увесь алкаголь. Тытунёвыя вырабы, алкаголь — яны прыстойна фарміруюць бюджэт, і гэта здароўе людзей”, — сказаў Лукашэнка, якога цытуе яго прэс-служба.

“Яны не павінны піць гадасць ўсялякую. Я не памятаю, каб дзяржаўныя прадпрыемствы падсунулі камусьці гадасць. А калі поўная блытаніна, тады ў гаражах будуць самагон ці нейкую гадасць вырабляць і за бесцань штурхаць на рынку”, — лічыць палітык.

“Таму дзяржаўны кантроль захаваецца за лікёра-гарэлачнымі вырабамі і тытунём”, — заявіў Лукашэнка.

18 кастрычніка Савет міністраў пашырыў спіс юрыдычных асоб, якія маюць права вырабляць “арыгінальныя алкагольныя напоі”.

У пералік юрыдычных асоб, якія “ажыццяўляюць вытворчасць арыгінальных алкагольных напояў у культурна-этнаграфічных цэнтрах, нацыянальных парках і запаведніках, іншых аб’ектах у мэтах аднаўлення паўнаты беларускіх нацыянальных традыцый”, цяпер уваходзіць 27 суб’ектаў гаспадарання.

Вытворчасць алкагольнай прадукцыі ў Беларусі трапляе пад закон “Аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці і абароту алкагольнай, нехарчовай спіртазмяшчальнай прадукцыі і нехарчовага этылавага спірту”. Вырабляць алкаголь дазволена толькі юрыдычным асобам.

Беларусь уваходзіць у лік дзяржаў з высокім узроўнем спажывання алкаголю на душу насельніцтва. Паводле звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у краіне п’юць менш, чым у суседніх Літве і Латвіі, аднак больш, чым у Польшчы, Украіне і Расіі.

Пры гэтым у Беларусі, як і ў большасці суседніх краін, значную долю спажыванага алкаголю складаюць моцныя напоі. Часам Беларусь нават лічылі лідарам па спажыванні алкаголю. Але потым статыстыка рэзка палепшылася, і краіна з першых пазіцый перамясцілася адразу ў трэці дзясятак рэйтынгу.

Падзяліцца: