Мінск 13:55

“Беларуськалій” збіраецца судзіцца з Літвой

Ілюстрацыйнае фота: LRT

3 снежня, Позірк. “Поўную іскавую заяву ў рамках міжнароднага інвестыцыйнага арбітражу супраць Літоўскай Рэспублікі” падало ААТ “Беларуськалій”.

Прэс-служба прадпрыемства 3 снежня паведаміла, што іск пададзены ў сувязі з “незаконнымі дзеяннямі” Літвы, у выніку якіх “былі парушаныя правы ААТ “Беларуськалій” як замежнага інвестара, абароненыя пагадненнем паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Літоўскай Рэспублікі аб заахвочванні і абароне інвестыцый”.

Сейм Літвы дэнансаваў згаданае пагадненне 1 кастрычніка, аднак палажэнні дакумента дзейсныя на працягу года пасля афіцыйнага апавяшчэння Мінска літоўскім бокам пра прынятае рашэнне. Пра тое, калі менавіта было накіраванае адпаведнае апавяшчэнне і ці накіраванае наогул, не паведамлялася.

Варта адзначыць, што ажыццёўленыя ў рамках пагаднення інвестыцыі павінны абараняцца яшчэ на працягу 10 гадоў пасля апавяшчэння.

Напярэдадні ўнясення законапраекта аб дэнансацыі пагаднення ў Сейм у літоўскіх медыя з’явілася інфармацыя, што прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа зацягвае працэс. Гэта звязвалася з апублікаванымі раней высновамі спецкамісіі літоўскага парламента пра тое, што на кіраўніка дзяржавы маглі ўплываць асобы, звязаныя з беларускім калійным бізнесам.

У чэрвені дэпутаты ўхвалілі высновы часовай камісіі Сейма, якая расследавала інфармацыю, перададзеную Дэпартаментам дзяржаўнай бяспекі. З яе вынікала, што Наўседа быў уразлівы праз кантакты яго былых дарадцаў з прадстаўнікамі беларускага бізнесу па вытворчасці ўгнаенняў, а таксама з расійскімі і беларускімі спецслужбамі.

LRT тады прывяло неафіцыйную інфармацыю, паводле якой прапановы дэнансаваць пагадненні аб абароне інвестыцый з Мінскам і Масквой былі перададзеныя прэзідэнту адначасова — праз падазрэнні, што ён неадкладна прыме адпаведнае рашэнне па Расіі, але не па Беларусі.

“Мяркуецца, гэтыя сумневы звязаныя з асцярогай беларускага вытворцы ўгнаенняў “Беларуськалій” страціць свае актывы ў Літве, паколькі яму па-ранейшаму належыць 30% акцый Birių Krovinių Terminalas (“Тэрмінал для сыпкіх грузаў”. — “Позірк”.), стывідорнай кампаніі Клайпедскім порце, нягледзячы на дзейныя санкцыі ЕС”, — гаварылася ў матэрыяле.

18 верасня стала вядома, што Суд Еўрапейскага саюза адхіліў іскі аб зняцці санкцый, пададзеныя вытворцам угнаенняў ААТ “Беларуськалій”.

Падзяліцца: