Мінск 03:12

Задача дэмакратызацыі Беларусі застаецца ў ліку прыярытэтаў Савета Еўропы — АПК

Фота: прэс-служба АПК

3 снежня, Позірк. Задача дэмакратызацыі Беларусі застаецца ў ліку прыярытэтаў Савета Еўропы (СЕ), пра гэта, паводле інфармацыі прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па міжнароднай і еўрапейскай супрацы Уладзіміра Астапенкі, было заяўлена 2 снежня ў Страсбургу (Францыя) на пасяджэнні кантактнай групы СЕ і беларускіх дэмсіл.

Сцвярджаецца таксама, што абсалютная большасць дзяржаў — удзельніц СЕ “актыўна падтрымлівае развіццё мэтавай супрацы з беларускімі дэмсіламі на фоне татальнай ізаляцыі рэжыму Лукашэнкі”.

У сустрэчы бралі ўдзел кіраўнікі вядучых дэпартаментаў усіх галоўных структур СЕ (Камітэта міністраў, Парламенцкай асамблеі, Кангрэса мясцовых і рэгіянальных органаў улады). Беларускія дэмсілы прадстаўлялі члены АПК, Каардынацыйнай рады (КР), Офіса Святланы Ціханоўскай, праваабарончых арганізацый ды інш.

Паводле слоў Астапенкі, адбыўся “канструктыўны і зацікаўлены абмен думкамі адносна выканання плана мерапрыемстваў Савета Еўропы па Беларусі” на 2024–2025 гады.

Прыкладам рэалізацыі палажэнняў стратэгіі супрацы СЕ з дэмсіламі замест структур афіцыйнага Мінска палітык назваў запрашэнне дэлегацыі КР да ўдзелу ў працы асноўных камітэтаў ПАСЕ, падрыхтоўку шматлікіх нарматыўных дакументаў СЕ на беларускай мове, а таксама стварэнне ў Вільнюсе інфармацыйнага пункта СЕ для беларусаў.

Рашэнне стварыць кантактную групу СЕ па Беларусі было прынятае ў верасні 2022 года. Першае пасяджэнне адбылося ў лістападзе таго ж года. З беларускага боку ў групу ўвайшлі прадстаўнікі дэмсіл і грамадзянскай супольнасці.

Ад СЕ ў групе ўдзельнічаюць прадстаўнікі ўсіх палітычных структур, у тым ліку ПАСЕ і Офіса камісара па правах чалавека.

Летась у кастрычніку СЕ надаў дэмсілам асобны офіс у сваім будынку ў Страсбургу.

Падзяліцца: