Мінск 15:22

Супольнасць чыгуначнікаў паведаміла пра затрыманне яшчэ аднага японца за здымку транспартных аб’ектаў

Крыніца: pixabay.com

3 снежня, Позірк. Пра затрыманне яшчэ аднаго падданага Японіі паведамляе “Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі”.

Паводле яе звестак, 1 снежня машыніст цягніка рэгіянальных ліній Калінкавічы — Лунінец падчас руху на восьмым пікеце 407-га кіламетра перагону Калінкавічы-Заходнія — раз’езд Клінск (Гомельская вобласць) заўважыў мужчыну, які здымаў на відэакамеру аўтадарожны мост на трасе М10 Гомель — Кобрын.

Інфармацыю пра гэта машыніст перадаў дыспетчару цягніка, які ў сваю чаргу — найбліжэйшаму да месца здарэння атраду ваенізаванай аховы і райаддзелу міліцыі.

Затрыманы мужчына выявіўся падданым Японіі. Яго, як сцвярджаецца, перадалі для разбіральніцтва супрацоўнікам КДБ.

Арганізацыя зазначае, што “дадзенае здарэнне з’яўляецца ўжо трэцім у шэрагу падобных здарэнняў, якія носяць “адценне шпіёнаманіі”, якія адбыліся на БЧ за адносна непрацяглы перыяд часу”.

Адно з такіх здарэнняў было звязанае з выяўленнем падводнага плыўца ў ахоўнай зоне чыгуначнага моста, другое — з затрыманнем старонняга, які меў пры сабе спецыялізаванае радыёабсталяванне, на закрытай тэрыторыі прадпрыемства БЧ.

Афіцыйнага пацверджання факту затрымання праваахоўнікі дагэтуль не прадставілі.

Раней паведамлялася пра затрыманне ў Беларусі па абвінавачанні ў “агентурнай дзейнасці” грамадзяніна Японіі Наканісі Масатосі.

5 верасня ў рэпартажы “Правал “самурая” з Токіа” на тэлеканале “Беларусь 1” начальнік Следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак паведаміў, што згаданы падданы Японіі затрыманы па падазрэнні ў супрацоўніцтве з замежнай разведкай.

Паводле сцвярджэння Бычака, Наканісі, знаходзячыся на тэрыторыі Беларусі, ажыццяўляў збор і перадачу ў адрас японскай спецслужбы “выведніцкай інфармацыі ваеннага характару, у прыватнасці, аб беларускай ваеннай інфраструктуры, аб перамяшчэнні войскаў і ваеннай тэхнікі, аб бягучай сітуацыі на паўднёвым напрамку”.

У рэпартажы сказана, што Наканісі пераехаў у Гомель у 2018 годзе.

З Гомеля ён нібыта ездзіў у раён беларуска-ўкраінскай мяжы, дзе “здымаў дарогі, масты, стратэгічныя аб’екты, кшталту вакзалаў ці аэрапортаў, інфраструктуру ваенных аб’ектаў, а таксама чыгуначныя пуці, напрыклад там, дзе ляжаць вузкакалейныя рэйкі”.

Сцвярджаецца, што падазраваны за шэсць гадоў жыцця ў Беларусі зрабіў больш за 9 тыс. “дакладных фатаграфій з беларуска-ўкраінскага памежжа”, якія ён “баяўся перадаваць па інтэрнеце, а хацеў выключна асабіста, у рукі” куратарам пасля прыбыцця ў Японію.

Падзяліцца: