Мінск 03:39

ISW: Украінскія сілы могуць альбо прызямліць расійскія “Шахеды”, альбо перанакіраваць іх у Беларусь і РФ

Крыніца: global.espreso.tv

4 снежня, Позірк. Украіна палепшыла свае магчымасці радыёэлектроннай барацьбы, гаворыцца ў свежай справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).

“Украінскія сілы могуць або “прызямліць “Шахеды”, прымусіць іх “згубіцца”, або прымусіць іх адхіліцца ад свайго шляху і ўляцець у расійскую або беларускую паветраную прастору”, — адзначаецца ў справаздачы.

На думку аналітыкаў, украінскае ўмяшанне ў РЭБ павялічвае нагрузку на сумесны расійска-беларускі парасон СПА.

Як паведамлялася ВСУ, два з 28 ударных беспілотнікаў, якімі Расія атакавала Украіну ў ноч на 3 снежня, паляцелі з паветранай прасторы, якая кантралюецца Кіевам, у бок Беларусі і акупаванай РФ украінскай тэрыторыі.

Паводле інфармацыі ўкраінскіх вайскоўцаў, атака пачалася 2 снежня ў 22:00, да 9:00 3 снежня сілы абароны збілі 22 дроны, адзін “лакацыйна страчаны”.

Разам з тым, паводле дадзеных маніторынгавай групы “Беларускі Гаюн”, у ноч на 3 снежня “зафіксаваны як мінімум 21 заход расійскіх дронаў-камікадзэ тыпу “шахед” у Беларусь з Украіны і РФ”.

Удакладняецца, што дроны заляталі з Расіі, рухаючыся курсам на Мазыр, Брагін, Гомель і Рэчыцу (усе ў Гомельскай вобласці). Зафіксавана мінімум тры заходы беспілотнікаў напрамую з Бранскай вобласці (РФ) у Гомельскую вобласць. Авіяцыя ВПС Беларусі ў паветра, паводле інфармацыі групы, не паднімалася.

Раней украінскія Паветраныя сілы паведамлялі аб залёце на беларускую тэрыторыю расійскіх дронаў у ноч на 17, 18, 20, 22, 26, 27, 28 кастрычніка, 1, 3, 10, 11, 12, 13, 20, 22, 25, 26 27 лістапада і 2 снежня.

4 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка прызнаў факты парушэння мяжы баявымі беспілотнікамі і заявіў, што беларускі бок шмат збівае незалежна ад таго, украінскія яны ці расійскія.

Залёт БПЛА Лукашэнка патлумачыў нявопытнасцю аператараў, адзначыўшы, што пасля ўздзеяння сродкаў радыёэлектроннай барацьбы апараты губляюць арыенцір.

У ноч на 3 кастрычніка з’явілася інфармацыя аб залёце чарговага расійскага беспілотніка. Тады было выказана меркаванне, што дрон іранскай маркі “Шахед” мог упасці ў Калінкавічах (Гомельская вобласць). Беларускія ўлады інцыдэнт ніяк не каментавалі. Аднак на наступны дзень супрацоўнікі КДБ “пры сілавой падтрымцы вайскоўцаў САХРу” затрымалі жыхарку Калінкавічаў. Яны ўварваліся ў дом, відэакамера на якім зафіксавала шум і водбліскі падаючага беспілотніка.

У начы на 5 верасня некалькі дронаў былі збітыя над Гомелем, аскепкі аднаго з іх упалі на будынак склада, ніхто не пацярпеў. Мінабароны прызнала факт парушэння мяжы лятальнымі аб’ектамі, але не назвала, каму яны належалі. 

Падзяліцца: