Мінск 10:29

Чатыры чалавекі загінулі на пажарах за суткі, з пачатку года — 498

Сляды пажару ў мінскай кватэры 4 снежня
Фота: МНС

4 снежня, Позірк. Чатыры чалавекі загінулі на пажарах у Беларусі за мінулыя дзяжурныя суткі (з 6:00 3 снежня да 6:00 4-га), вынікае з аператыўнай зводкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Пенсіянер 1956 года нараджэння загінуў ад агню ў пасёлку Ваявода Гомельскага раёна.

На пажары ў Віцебску зафіксавана смерць мужчыны 1990 г.н. У Мазыры загінуў мужчына 1991 г.н.

У кватэры, якая загарэлася ў Мінску, знойдзена цела мужчыны 1979 г.н. Прэс-служба МНС паведамляе, што маці загінулага шпіталізаваная, з “вышэйразмешчаных кватэр эвакуіраваныя 12 чалавек, з іх двое дзяцей”.

З пачатку года ў краіне адбылося 5.765 пажараў (за аналагічны перыяд 2023-га — 5.318; +8,4%), на якіх загінула 498 чалавек (453; +9,9%), з іх дзяцей — 11 (7; +57) ,1%).

29 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Мінску начальнік упраўлення па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Генеральнай пракуратуры Вікторыя Фіневіч паведаміла, што за студзень — верасень 2024 года “ад знешніх прычын” загінула 94 дзіцяці (за аналагічны перыяд 2023 — 73; 28,8%).

Паводле яе слоў, пачынаючы з 2021 года і па цяперашні час у Беларусі ад “знешніх прычын” загінула 444 дзіцяці, з іх 37 — на пажарах.

Падзяліцца: