Мінск 11:19

Неаднаразова абвінавачаны ў фальсіфікацыі выбараў ЦВК атрымаў ад ПП НС грамату “за заслугі ва ўмацаванні дэмакратыі”

4 снежня, Позірк. Цэнтральная выбарчая камісія (ЦВК) узнагароджана ганаровай граматай Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу “За заслугі ва ўмацаванні дэмакратыі і дзейнасць па забеспячэнні правоў і свабодаў грамадзян”.

Як паведамляе прэс-служба Цэнтрвыбаркама, грамата ўручана яго старшыні Ігару Карпенку на ўрачыстым пасяджэнні камісіі, прысвечаным 35-годдзю інстытута выбараў у Беларусі.

Карпенка, выступаючы на мерапрыемстве, заявіў, што ў Беларусі выбары з’яўляюцца “галоўнай формай праявы суверэнітэту народа” і адлюстраваннем яго палітычнай волі.

Сярод першарадных задач ЦВК чыноўнік адзначыў “строгае выкананне выбарчага заканадаўства, супрацьдзеянне знешняму ўмяшанню ў выбарчы працэс, умацаванне даверу грамадзян да выбарчай сістэмы, барацьба з недакладнай інфармацыяй і фэйкамі”.

Кіраўнік ЦВК падкрэсліў, што выбарчая сістэма будзе і ў далейшым працаваць “на ўмацаванне суверэнітэту і незалежнасці” Беларусі і “забеспячэнне народаўладдзя” ў краіне.

У 2025 годзе ў Беларусі пройдуць сёмыя прэзідэнцкія выбары, прызначаныя на 26 студзеня. Кампанія праходзіць пад кантролем уладаў, палітычнае поле краіны зачышчанае ад актыўных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі.

Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе з 1994 года. З 1996 года ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнана незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.

Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 года адзначыліся самымі маштабнымі і працяглымі пратэстамі за ўсю гісторыю суверэннай Беларусі. Масавыя палітычныя рэпрэсіі, якія пачаліся ў перыяд мінулых прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, працягваюцца да гэтага часу.

У чэрвені 2022 года Карпенка быў уключаны ў санкцыйны спіс Еўрасаюза, 24 сакавіка 2023 года ў санкцыйны спіс яго ўключылі ЗША.

Да Карпенкі ЦВК узначальвала Лідзія Ярмошына, якая ўпершыню трапіла пад санкцыі Еўрасаюза ў 2004 годзе і знаходзіцца там да гэтага часу.

Падзяліцца: