Мінск 04:38

Беларуская “выцінанка” ўключана ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА

Фота: alovakmag.by

4 снежня, Позірк. Традыцыйнае мастацтва выразання з паперы “выцінанка” ўнесена ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва, які вядзе ЮНЕСКА.

Рашэнне было прынята 4 снежня на 19-й сесіі Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якая праходзіць у Асунсьёне (Парагвай).

Апроч беларускай “выцінанкі”, на разгляд дэлегатаў сесіі прадстаўлена яшчэ 57 новых элементаў згаданага спісу з розных краін.

Як адзначыла Міністэрства замежных спраў, “выцінанка” — “традыцыйнае мастацтва выразання з паперы, шырока распаўсюджанае ў Беларусі”.

“Рамяство, якое зарадзілася яшчэ ў XVI стагоддзі, сёння набывае другое дыханне. Вытанчанае і шырока прызнанае як элемент беларускай культуры, мастацтва “выцінанкі” актыўна выкарыстоўваецца ў вонкавым і ўнутраным афармленні прыватных дамоў і грамадскіх месцаў, такіх як офісы, рэстараны, культурныя ўстановы, тэатральныя дэкарацыі. Яно таксама з’яўляецца неад’емнай часткай традыцыйных святаў”, — заявілі ў ведамстве.

“Выцінанка”, адзначаецца ў рэлізе, становіцца “ўсё больш крэатыўнай”, а “яе вытанчаныя арнаменты пераносяцца на тканіну і выкарыстоўваюцца як элемент адзення”.

“Сучасная “выцінанка” ахоплівае мноства тэм, якія адлюстроўваюць беларускі лад жыцця: замілаванне прыродай, беларуская гісторыя, міфалогія, звычаі і вераванні, сельскі і гарадскі побыт. Гэта адна з эстэтычных асноў беларускага менталітэту і культуры. У Беларусі і жанчыны, і мужчыны розных узростаў імкнуцца авалодаць гэтым даступным, але вытанчаным рамяством, якое працягвае старажытную традыцыю выразання з паперы”, — падкрэслілі ў МЗС.

Знешнепалітычнае ведамства звярнула ўвагу, што спісы нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА зараз налічваюць шэсць беларускіх элементаў. У 2009 годзе ў іх быў уключаны святочны калядны абрад “Калядныя цары” ў вёсцы Семежава (Капыльскі раён, Мінская вобласць), у 2018-м — “Урачыстасць у гонар ушанавання Іконы Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст)” у вёсцы Будслаў, Мінская вобласць), у 2019-м — “Юр’еўскі карагод” у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці, у 2020-м — культура бортніцтва, у 2022-м — рамяство саломапляцення.

Падзяліцца: