Мінск 02:46

Лукашэнка ўхваліў праект дамовы Беларусі і РФ аб гарантыях бяспекі

4 снежня, Позірк. Праект дамовы аб гарантыях бяспекі паміж Беларуссю і Расіяй быў ухвалены ўказам Аляксандра Лукашэнкі 4 снежня, паведамляе яго прэс-служба.

Дакумент названы “асновай для правядзення перамоў” паміж Мінскам і Масквой.

На правядзенне перамоў, паводле ўказа, упаўнаважана Міністэрства замежных спраў.

4 снежня Лукашэнка падпісаў указ, якім “ухваліў у якасці асновы для правядзення перамоў” праект пратакола аб папраўках у міжурадавае пагадненне паміж Беларуссю і Расіяй аб экспарце нафты і нафтапрадуктаў.

“Дадзены пратакол прадугледжвае падаўжэнне тэрміну дзеяння пагаднення да 31 снежня 2026 года і далей на наступныя гадавыя перыяды з захаваннем дзеючых у ім нормаў”, — адзначаецца ў паведамленні прэс-службы.

Перамовы па гэтым пытанні будзе весці ўрад.

Закон “Аб далучэнні Рэспублікі Беларусь да Статута Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай абароны” Лукашэнка таксама падпісаў 4 снежня.

“Дакумент падрыхтаваны з мэтай павышэння статусу Беларусі як паўнапраўнага члена гэтай міжнароднай арганізацыі, стварэння ўмоў для развіцця выгаднага супрацоўніцтва з ратавальнымі ведамствамі краін Азіі, Афрыкі і Блізкага Усходу ў частцы прасоўвання экспарту пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі, абсталявання і спецыяльнага ахоўнага адзення, прадастаўлення адукацыйных паслуг і падрыхтоўкі спецыялістаў”, — адзначае прэс-служба Лукашэнкі.

Раней МЗС Расіі паведамляў, што праца над дамовай паміж Беларуссю і Расіяй аб гарантыях бяспекі плануецца завяршыць да пасяджэння ў Мінску Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы. 6 снежня для ўдзелу ў пасяджэнні Беларусь наведае прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін.

Сярод іншага, дамова аб гарантыях бяспекі пацвярджае гатоўнасць бакоў выкарыстоўваць ядзерную зброю ў адказ на “знешнюю агрэсію”.

Падзяліцца: