Мінск 10:28

Мінск абвінаваціў “рэжым Байдэна” ва ўмяшальніцтве ў свае справы ў сувязі з правядзеннем стратдыялогу з дэмсіламі

Ілюстратыўнае фота: ua.news

4 снежня, Позірк. Пра “здзіўленне” ў сувязі з правядзеннем Вашынгтонам другога стратэгічнага дыялогу з беларускім дэмакратычным рухам заявіла 4 снежня пасольства Беларусі ў ЗША.

Назваўшы паведамленні Дзярждэпартамента ЗША пра вынікі стратдыялогу “нататкай для СМІ”, дыпламатычнае прадстаўніцтва абвінаваціла Вашынгтон у “непрыхаваным умяшанні” ва ўнутраныя справы Беларусі.

У заяве адзначаецца, што ўрад ЗША праводзіў “так званы” дыялог “ні з кім”, а меры Дзярждэпартамента па падтрымцы беларускага дэмакратычнага руху названыя “нешчырымі патугамі па “падтрымцы дэмакратычных памкненняў” беларускага народа”.

“Заклікі, заўвагі, асуджэнні, абмеркаванні ўдзельнікаў, адабраных уручную рэжымам [прэзідэнта ЗША Джо] Байдэна, бессэнсоўныя, бескарысныя і нерэлевантныя”, — гаворыцца ў заяве.

Пасольства чарговы раз падкрэсліла, што “амерыканскаму рэжыму варта было б заклапоціцца ўласнымі паўсюднымі ўнутранымі праблемамі і відавочнымі парушэннямі правоў чалавека, шырока прызнанымі аўтарытэтнымі міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі і сумленнымі амерыканскімі палітыкамі”.

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, паводле праведамлення дыпрадстаўніцтва, пройдуць “у поўнай адпаведнасці з Канстытуцыяй і Выбарчым кодэксам”.

“Наша краіна і наш народ сёння як ніколі адзіныя і гатовыя паспяхова спыняць і стрымліваць любыя спробы, накіраваныя на падрыў незалежнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь”, — сцвярджаецца ў заяве.

Адзначаецца, што “кіраўніцтва Беларусі падсправаздачнае толькі беларускаму народу” і “лепш ведае, як правесці свабодныя і сумленныя выбары без угодніцтва бессэнсоўным жаданням і капрызам заходніх “дэмакратызатараў”.

4 снежня Дзярждэпартамент ЗША апублікаваў два прэс-рэлізы пра вынікі стратэгічнага дыялогу з дэмакратычным рухам Беларусі. Ключавой тэмай дыялогу названыя прэзідэнцкія выбары 2025 года.

“Абодва бакі адзначылі, што [Аляксандр] Лукашэнка спрыяе стварэнню атмасферы страху, пры якой ніякія выбарчыя працэсы нельга назваць дэмакратычнымі, а парушэнні рэжымам правоў чалавека фактычна замарозілі сапраўдную палітычную дзейнасць і дыскусіі ўнутры Беларусі. Злучаныя Штаты заклікаюць рэжым правесці свабодныя і справядлівыя выбары пад міжнародным назіраннем”, — адзначаецца ў адным з іх паведамленняў.

У іншым апісваюцца крокі, зробленыя ЗША для падтрымкі дэмакратычнага руху са жніўня 2020 года. Сярод іншага гаворыцца, што за гэты час Вашынгтон вылучыў больш за 140 млн долараў у выглядзе рознай дапамогі.

“Злучаныя Штаты таксама вылучылі 1,5 млн долараў на падтрымку расследаванняў і падрыхтоўкі спраў з выкарыстаннем перадавой міжнароднай практыкі і ў адпаведнасці з падыходам, арыентаваным на пацярпелых. Больш за 1,1 млн долараў было вылучана ў выглядзе грантаў публічнай дыпламатыі для падтрымкі разнастайных ініцыятыў — ад захавання беларускай культуры і ідэнтычнасці і навучання англійскай мове медыцынскіх работнікаў да дапамогі жанчынам-прадпрымальнікам у развіцці бізнесу”, — адзначаецца ў рэлізе.

4 снежня падчас дыялогу намеснік каардынатара Офіса дапамогі ЗША Еўропе і Еўразіі ў структуры Дзярждэпартамента Крыс Бёргаст заявіў, што Вашынгтон працягне ціск на рэжым Лукашэнкі і падтрымку беларускага народа. Ён падкрэсліў, што пасля 2020 года ЗША занялі «прынцыповую пазіцыю ў пытанні падтрымкі дэмакратычных памкненняў беларускага народа, грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ, як у выгнанні, так і ўнутры самой Беларусі».

Стратэгічны дыялог — пляцоўка для падтрымання пастаянных стасункаў беларускага дэмакратычнага руху з урадам Злучаных Штатаў Амерыкі. Першы раўнд стратдыялогу прайшоў 6–8 снежня 2023 года ў Вашынгтоне, другі адбыўся ў Вільні 3–4 снежня гэтага года.

4–5 красавіка ў сталіцы ЗША ўдзельнікі першых паседжанняў працоўных груп у межах стратдыялогу абмеркавалі парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, шляхі вызвалення палітвязняў, дзейнасць дэмакратычнага руху і грамадзянскай супольнасці.

Падзяліцца: