Мінск 02:32

Абвінавачанаму ў падрыве цягнікоў на БАМ Ерамееву зноў падоўжаны арышт, у справе з’явілася імя яшчэ аднаго беларуса

Крыніца: тэлеграм-канал "Краіна для жыцця"

5 снежня, Позірк. Завершаныя асноўныя следчыя дзеянні па крымінальнай справе аб двух тэрактах на Байкала-Амурскай магістралі (БАМ), у здзяйсненні якіх абвінавачваецца грамадзянін Беларусі Сяргей Ерамееў, вынікае з інфармацыі расійскага выдання “Коммерсантъ”.

Басманны раённы суд Масквы падоўжыў тэрмін утрымання мужчыны ў следчым ізалятары да года. У кастрычніку тэрмін яго ўтрымання быў падоўжаны на тры месяцы.

Выданне раскрыла некаторыя дэталі справы. Сцвярджаецца, што ў 2023 годзе з Ерамеевым звязаўся нейкі грамадзянін Беларусі на імя Аляксей Сакалоў, “абвінавачаны на радзіме ў дзяржздрадзе, які жыве то ў Літве, то ў Польшчы”. Ён нібыта паведаміў, што “супрацоўнічае з СБУ”, і прапанаваў Ерамееву “зладзіць акцыі ў Расіі”.

Па дасланых з-за мяжы каардынатах, як піша медыя, “згодна з яго ж паказаннямі”, Ерамееў знайшоў гараж у Наваполацку (Віцебская вобласць), “у якім была абсталяваная схованка”. У ім знаходзілася восем магнітных мін і аванс — 4 тыс. долараў. Пасля гэтага Ерамееў нібыта выправіўся на машыне ў Рэспубліку Бурація (РФ), дзе замініраваў і падарваў два саставы, атрымаўшы за гэта на банкаўскую карту суму, эквівалентную 2 тыс. долараў.

“Коммерсантъ” паведамляе, што Ерамееў і яго абарона пачнуць знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы “ўжо пасля Новага года”. Справу будзе разглядаць 2-гі Усходні акруговы вайсковы суд (Чыта, Забайкальскі край РФ). “Справа ж у дачыненні да саўдзельнікаў тэрарыста — Сакалова, які хаваецца за мяжой, і нявысветленых асоб, якія арганізавалі схованку з мінамі, будзе расследавацца далей”, — піша выданне.

Ерамееў абвінавачваецца ў здзяйсненні двух злачынстваў, прадугледжаных п. “а”, “у” ч. 2 арт. 205 КК РФ (тэракты, уладкованыя па папярэдняй змове або арганізаванай групай і якія пацягнулі прычыненне значнай маёмаснай шкоды). Сцвярджаецца, што ён прызнае віну.

Пра затрыманні Ерамеева ў Омскай вобласці Расіі паводле падазрэння ў здзяйсненні тэракту паведаміла 7 снежня 2023 года Федэральная служба бяспекі РФ.

Ведамства сцвярджала, што мужчына “даў прызнальныя паказанні аб выманні на заданне грамадзяніна Беларусі 1981 г.н., які пражывае ў Літве і дзейнічае пад кантролем украінскіх спецслужбаў, са схованкі васьмі выбуховых прылад, дастаўцы іх на асабістым аўтамабілі ў Бурацію і закладцы на цыстэрнах грузавых цягнікоў”.

Сцвярджалася, што “затрыманы падарваў саставы з нафтапрадуктамі, якія рухаліся па маршрутах Тайшэт — Тында і Тайшэт — Нерунгры, 29 і 30 лістапада ў Бураціі”. “Калі яны праходзілі па Паўночнамуйскім тунэлі і абводным шляху Байкала-Амурскай магістралі, спрацавалі закладзеныя выбуховыя прыстасаванні, што стала прычынай узгарання цыстэрнаў з гаруча-змазвальнымі матэрыяламі”, — гаварылася ў заяве спецслужбы.

Ерамееў паведаміў, што хацеў паралізаваць рух на чыгунцы: “Я напісаў у тлумачэнні, што праз БАМ зараз вязуць боепрыпасы… Галоўная мэта была перашкодзіць руху”.

Ерамееў — экс-супрацоўнік наваполацкага нафтаперапрацоўчага завода “Нафтан”, удзельнік страйку на прадпрыемстве ў 2020 годзе. На прадпрыемстве працаваў прыбарыстам кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі.

Падзяліцца: