Мінск 20:29

Расія працягвае выконваць задачу па анэксіі Беларусі праз Саюзную дзяржаву — ISW

Расійская тактычная ядзерная зброя
Ілюстрацыйнае фота: Міністэрства абароны РФ

7 снежня, Позірк. Крэмль працягвае выконваць стратэгічную задачу па фактычнай анэксіі Беларусі і пашырэнні вайсковай прысутнасці на яе тэрыторыі праз Саюзную дзяржаву (СД), гаворыцца ў новай справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).

Такім чынам аналітыкі расцанілі той факт, што Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін 6 снежня падпісалі на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета СД у Мінску дагавор аб гарантыях бяспекі.

ISW звярнуў увагу на публічную просьбу Лукашэнкі размясціць у Беларусі расійскія балістычныя ракеты “Арэшнік” — пры ўмове, што цэлі для іх будзе вызначаць Мінск. Пуцін пагадзіўся, адзначыўшы, што гэта стане магчымым у другой палове 2025 года.

Згаданая дамова, адзначылі аналітыкі, паводле заявы Пуціна, прадугледжвае “магчымасць выкарыстання расійскіх тактычных ядзерных узбраенняў, разгорнутых на беларускай тэрыторыі, у выпадку агрэсіі супраць Беларусі”. Яны нагадалі, што дакумент быў падпісаны неўзабаве пасля абнаўлення ядзернай дактрыны РФ, якая “афіцыйна змясціла Беларусь пад расійскі ядзерны парасон і адпавядае існым дагаворным абавязацельствам Расіі перад Беларуссю”.

“Разгортванне балістычных ракет “Арэшнік” у Беларусі яшчэ больш павялічыла б вайсковую прысутнасць Расіі ў Беларусі і прасунула даўнюю стратэгічную цэль Крамля — падарваць суверэнітэт Беларусі і фактычна анексаваць яе праз структуру Саюзнай дзяржавы”, — гаворыцца ў справаздачы.

Адкрытае патрабаванне даць Мінску права вырашаць, як выкарыстоўваць “Арэшнік” у Беларусі, мяркуюць у ISW, з’яўляецца спробай Лукашэнкі “захаваць суверэнітэт Беларусі ў рамках Саюзнай дзяржавы і ўмацаваць сваю перамоўную пазіцыю супраць далейшай інтэграцыі”.

“Лукашэнка даўно спрабаваў канкураваць з Крамлём у пытанні вызначэння таго, ці можа Беларусь кантраляваць разгорнутыя на яе тэрыторыі расійскія вайсковыя сродкі, напрыклад, зенітную ракетную сістэму С-400, — адзначылі аналітыкі. — Дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч таксама неабгрунтавана сцвярджаў, што толькі Лукашэнка можа аддаць загад аб выкарыстанні расійскай тактычнай ядзернай зброі, размешчанай у Беларусі. Лукашэнка адзначыў, што расійскія вайскоўцы працягнуць эксплуатаваць сістэмы “Арэшнік” у Беларусі, гэта паказвае на тое, што Масква захавае кантроль над усімі гэтымі ракетамі на беларускай тэрыторыі”.

На думку экспертаў ISW, размяшчэнне “Арэшніка” ў Беларусі істотна не павялічыць рызыку ўдару па Украіне або краінах Паўночнаатлантычнага альянсу, улічваючы, што “расійскія вайскоўцы даўно маюць ядзерную зброю на тэрыторыі мацерыковай Расіі і анклава — Калінінграда, якая здольная паражаць цэлі ва Украіне і НАТО”. Расійскія войскі “рэгулярна запускаюць па Украіне балістычныя ракеты “Іскандэр”, гіпергукавыя балістычныя ракеты “Кінжал” і крылатыя ракеты Х-101, што здольныя несці ядзерны зарад”, адзначылі аналітыкі.

Упершыню пра жаданне размясціць “Арэшнік” на тэрыторыі Беларусі Лукашэнка заявіў 28 лістапада на палях саміта АДКБ у Астане (Казахстан).

Расія раніцай 21 лістапада нанесла ўдар па горадзе Дняпро, дзе знаходзіцца завод па вытворчасці ракетна-касмічнай і іншай тэхнікі “Південмаш” (“Паўднёвы машынабудаўнічы завод імя Макарава”). Пазней Пуцін заявіў, што войска РФ выкарыстала для гэтага балістычную ракету ў бяз’ядзернай камплектацыі пад назвай “Арэшнік”. Згодна з яго сцвярджэннем, сродкаў яе перахопу ў свеце не існуе.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.

Падзяліцца: