Мінск 11:26

СМІ паведамляюць пра падзенне ў Сірыі рэжыму Асада, якога падтрымліваў Лукашэнка

Крыніца: alarab.co.uk

8 снежня, Позірк. Пра падзенне рэжыму Башара Асада ў Сірыі паведамляюць 8 снежня сусветныя СМІ.

Як адзначае Reuters, аб заканчэнні праўлення Асада заявілі сірыйскія паўстанцы, якія ўвайшлі ноччу ў сталіцу краіны Дамаск і выступілі па дзяржаўным тэлебачанні.

Са спасылкай на неназванага ваеначальніка паведамляецца, што “камандаванне сірыйскай арміі ў нядзелю апавясціла афіцэраў аб тым, што рэжым Асада скончыўся”.

Заяўляецца, што Асад “вылецеў з Дамаска ў невядомым кірунку”.

“Мы святкуем разам з сірыйскім народам навіну аб вызваленні нашых зняволеных, зняцці з іх ланцугоў і аб’яўленні аб заканчэнні эпохі несправядлівасці ў турме Седная”, — заявілі паўстанцы, маючы на ўвазе буйную ваенную турму на ўскраіне Дамаска, дзе ўтрымліваліся тысячы зняволеных.

“Паводле слоў відавочцаў, тысячы людзей на аўтамабілях і пешшу сабраліся на галоўнай плошчы Дамаска, размахваючы рукамі і скандуючы “Свабоду” пасля паўвекавога кіравання сям’і Асадаў, — гаворыцца ў публікацыі. — Гэты драматычны крах азначае сабой пераломны момант для Блізкага Усходу, паклаўшы канец жорсткаму кіраванню сям’і ў Сірыі і нанёсшы зруйнавальны ўдар па Расіі і Ірану, якія страцілі ключавога саюзніка ў самым сэрцы рэгіёну”.

“Бі-бі-сі” паведамляе, што Асад “збег з Дамаска”, калі апазіцыйныя сілы каля 6 гадзін 8 снежня ўвайшлі ў Дамаск.

“Паўстанцы назвалі гэта “канцом эры несправядлівасці”, — гаворыцца ў матэрыяле СМІ. — На неверыфікаваных пакуль відэа, якія распаўсюджваюцца ў сацыяльных сетках, відаць, як людзі пакідаюць тэрыторыю турмы Седная. З самага пачатку грамадзянскай вайны ў Сірыі ў 2011 годзе туды змяшчалі праціўнікаў рэжыму Башара Асада. Праваабаронцы заяўлялі, што за першыя пяць гадоў вайны тут ва ўмовах поўнай сакрэтнасці было пакарана смерцю ад 5 тыс. да 13 тыс. чалавек”.

Медыя перадае словы дзейнага прэм’ер-міністра Сірыі Мухамада Газі Аль-Джалалі, які “заявіў, што застаецца ў сябе дома і гатовы падтрымаць пераемнасць кіравання”. Паводле слоў кіраўніка ўрада, ён “гатовы супрацоўнічаць з любым кіраўніцтвам, абраным сірыйскім народам, і прымаць любыя меры па перадачы ўлады”. Адзначаецца, што апазіцыйныя сілы ў адказ на гэта заявілі, што дзяржаўныя ўстановы ў Дамаску застануцца пад кантролем прэм’ер-міністра да афіцыйнай перадачы ўлады.

Сітуацыя ў Сірыі рэзка абвастрылася ў канцы лістапада, калі ўзброеныя групоўкі перайшлі ў наступ у правінцыях Алепа і Ідліб. Іх аснову складаюць баевікі ісламісцкай арганізацыі”Хайят Тахрыр аш-Шам”.

Войскі Асада не аказалі паўстанцам эфектыўнага супраціву, на працягу снежаньскіх дзён яны пакідалі горад за горадам.

Аляксандр Лукашэнка падтрымліваў прэзідэнта Асада. 2 снежня падтрымку яму і “народу брацкай Сірыі ў сувязі з нападамі “тэрарыстычных фарміраванняў” выказала Міністэрства замежных спраў Беларусі.

29 кастрычніка сумесную заяву “аб шляхах і сродках процідзеяння, змякчэння і ліквідацыі негатыўных наступстваў аднабаковых прымусовых мер” падпісалі ў Мінску міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў і міністр замежных спраў і па справах экспатрыянтаў Сірыі Басам Саббаг.

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Сірыяй устаноўлены 26 жніўня 1993 года. З лістапада 1998-га функцыянуе амбасада Беларусі ў Дамаску, з ліпеня 2007-га — амбасада Сірыі ў Мінску. Лукашэнка наведваў Сірыю ў 1998 і 2003 гадах, Асад здзейсніў візіт у Беларусь у 2010 годзе.

Сірыя з’яўляецца адной з крыніц нелегальнай міграцыі, яе грамадзяне часта фігуруюць у навінах звязаных з міграцыйным крызісам Беларусі і краін ЕС, якія пачаліся ў 2021 годзе.

Башар Асад уступіў на пасаду 17 ліпеня 2000 года. На гэтай пасадзе ён змяніў свайго бацьку Хафеза Асада, які прыйшоў да ўлады ў выніку ваеннага перавароту ў лістападзе 1970-га. У суме сям’я Асадаў кіравала краінай 54 гады.

Башар Асад абіраўся на пасаду прэзідэнта на безальтэрнатыўных выбарах у 2000 і 2007 гадах, у 2014 годзе пераабраны прэзідэнтам на першых альтэрнатыўных выбарах з афіцыйным вынікам 88,7% галасоў.

Выбары 2014 года праходзілі ва ўмовах грамадзянскай вайны і байкатаваліся апазіцыяй, іх вынікі не былі прызнаныя заходнімі краінамі. У 2021 годзе на чарговых выбарах Асад, паводле афіцыйных звестак, набраў 95,1% галасоў.

Лукашэнка, віншуючы 17 красавіка Асада і сірыйскі народ з нацыянальным святам, заявіў пра намер працягваць “падтрымліваць брацкую Сірыю для дасягнення міру, стабільнасці і росквіту”.

Падзяліцца: