Мінск 22:53

Памілавана яшчэ 29 асуджаных з палітычных матываў (дапоўнена)

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

9 снежня, Позірк. Падпісаны ўказ аб памілаванні яшчэ 29 асоб, якія “здзейснілі злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці”, паведаміла 9 снежня прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.

Сцвярджаецца, што ўсе яны “раскаяліся ва ўчыненым і звярнуліся з хадайніцтвам аб памілаванні”. Сярод іх 11 жанчын і 18 мужчын; 6 чалавек ва ўзросце да 25 гадоў, тры пенсіянеры; 15 чалавек з хранічнымі захворваннямі, два інваліды.

Гэта сёмая хваля памілаванняў за апошнія паўгода. На пачатку ліпеня Аляксандр Лукашэнка заявіў пра вызваленне яго “цяжкахворых апанентаў”, пасля чаго стала вядома пра выхад на волю 18 палітвязняў. Пазней ён падпісаў пяць указаў аб памілаванні асуджаных за “злачынствы пратэстнай” або “экстрэмісцкай скіраванасці” (на падставе ўказа ад 16 жніўня вызвалена 30 чалавек, 4 верасня — 30, 16 верасня — 37, 7 лістапада — 31, 20 лістапада — 32).

Такім чынам, за гэты час памілавана 207 чалавек.

Да апошняга ўказа праваабарончы цэнтр “Вясна” паведамляў, што з 3 ліпеня па 21 лістапада вызвалена 178 палітычных зняволеных. За гэты ж час праваабарончая супольнасць прыняла 24 заявы, на падставе якіх палітвязнямі было прызнана агулам 223 чалавекі.

На 9 снежня беларуская праваабарончая супольнасць прызнае палітвязнямі 1.283 чалавекі. Насамрэч людзей, якія зазналі рэпрэсіі ў той ці іншай форме, значна больш.

Улады адмаўляюць наяўнасць у Беларусі палітвязняў, спасылаючыся на тое, што ў Крымінальным кодэксе няма “палітычных” артыкулаў. Разам з тым дзясяткі розных крымінальных артыкулаў выкарыстоўваюцца для пераследу з палітычных матываў; тысячы людзей, асуджаных за ўдзел у пратэстах, крытыку і праяву непрымання рэжыму Лукашэнкі, заклеймаваныя “экстрэмістамі” і “тэрарыстамі”.

Падзяліцца: