Мінск 06:09

У Беларусі перастаў працаваць сэрвіс па рассылцы лістоў зняволеным “Письмо.бел”

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

9 снежня, Позірк. У Беларусі перастаў працаваць сэрвіс па дасыланні лістоў у месцы зняволення “Письмо.бел”, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Адзначаецца, што платформа перастала адкрывацца ў Беларусі і па-за яе межамі.

15 лістапада стала вядома, што сэрвіс “Письмо.бел” прызнаны “экстрэмісцкімі матэрыяламі”.

У верасні 2022 года спыніла дзейнасць ініцыятыва па перасылцы карэспандэнцыі палітвязням “Письма в клеточку” (“Лісты ў клетачку”).

Паслугі па рассылцы лістоў у месцы зняволення зараз аказвае толькі “Майстэрня паштовак салідарнасці”.

Заснавальнікаў “Письмо.бел” Ігара Угліка і Аляксандра Лыкшына затрымалі ў снежні 2023 года, праваабарончая супольнасць прызнала іх палітвязнямі.

Паводле даных праваабарончага цэнтру “Вясна”, абодвух мужчын пасля прыгаварылі да 2,5 года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу паводле арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

Падзяліцца: