Мінск 17:08

Ціханоўская: Замест таго каб быць гарантам нашых правоў, дзяржава ператварылася ў інструмент прыгнёту

Святлана Ціханоўская
Архіўнае фота: "Позірк"

10 снежня, Позірк. Сёння, нават у сэрцы Еўропы, правы чалавека пад пагрозай, прынцыпы, што павінны былі быць непахіснымі, ставяцца пад сумнеў, а людзі, якія змагаюцца за свабоду, самі становяцца ахвярамі, адзначыла ў заяве з нагоды Дня правоў чалавека (10 снежня) дэмакратычны лідар Беларусі Святлана Ціханоўская.

“Замест таго каб быць гарантам нашых правоў, дзяржава ператварылася ў інструмент прыгнёту. Тысячы беларусаў былі кінутыя за краты за тое, што адважыліся абараняць сваю свабоду і годнасць. Іх трымаюць у жахлівых умовах, адбіраюць свабоду і здароўе, пазбаўляюць сувязі з роднымі”, — нагадала палітык, дадаўшы, што таксама адчувае “гэты боль”, бо больш за 640 дзён не можа даведацца пра лёс мужа Сяргея Ціханоўскага.

Дэмлідар адзначыла, што зараз пад пагрозай, ціскам і несправядлівасцю апынуліся і тыя, хто прысвяціў сваё жыццё абароне правоў іншых — праваабаронцы, якія змагаюцца за гуманнасць і справядлівасць, сёння самі становяцца ахвярамі рэжыму. Іх “пераследуюць, ізалююць, кідаюць за краты і выціскаюць з краіны за тое, што яны выконваюць сваю працу”.

Каб змяніць сітуацыю, як мяркуе дэмлідар, кожны можа зрабіць свой унёсак, напісаўшы ліст ці паштоўку зняволеным, паклапаціўшыся пра суседзяў, што засталіся адныя, працягнуўшы руку дапамогі беларусам, якія толькі што вымушана эмігравалі і намагаюцца адаптавацца ў новай краіне. 

“Гэта невялікія жэсты, але здольныя падарыць цяпло і надзею. Разам мы пераадолеем гэты крызіс і вернем Беларусь да свабоды, годнасці і павагі да правоў чалавека”, — перакананая палітык.

10 снежня 1948 года на Генеральнай Асамблее ААН была прынятая Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека.

Падзяліцца: