Мінск 05:03

Спажывецкія цэны ў лістападзе выраслі на 0,3%, з пачатку 2024 года — на 4,6% (дапоўнена)

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

10 снежня, Позірк. На 0,3% выраслі ў Беларусі спажывецкія цэны ў лістападзе 2024 года, паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт.

Харчовыя тавары падаражэлі на 0,7%, паслугі — на 0,1%; нехарчовыя тавары патаннелі на 0,1%.

З пачатку года цэны павялічыліся на 4,6%. Харчаванне стала даражэйшым на 5,1%, нехарчовыя тавары — на 3,6%, паслугі — на 5%.

Рост цэн за 12 месяцаў (лістапад да лістапада) склаў 5,5% (на харчовыя тавары — 6,6%, нехарчовыя — 3,7%, на паслугі — 5,8%).

У студзені — кастрычніку 2024 года Беларусь з паказчыкам 4,27% заняла шостае месца па росце спажывецкіх цэн на тэрыторыі былога СССР, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз звестак нацыянальных органаў статыстыкі.

Паводле вынікаў студзеня яна была шостай (0,79%), студзеня — лютага і першага квартала — другой (1,74% і 2,22%), студзеня — красавіка — пятай (2,66%), студзеня — траўня — сёмай (2,77%), першага паўгоддзя — шостай (3,39%), студзеня — ліпеня і студзеня — жніўня — сёмай (3,42% і 3,35%), студзеня — верасня — шостай (3,80%).

Улады разлічваюць па выніках 2024 года ўтрымаць інфляцыю ў межах 6%, у 2025 годзе — 5%.

Урад працуе над ліквідацыяй негатыўных эфектаў, якія прынесла эканоміцы пастанова ўрада № 713 аб рэгуляванні цэн, заявіў першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў на пасяджэнні Савета па развіцці прадпрымальніцтва пры Савеце міністраў 31 кастрычніка.

“У краіне павінен працаваць механізм па фармаванні справядлівых коштаў”, — падкрэсліў чыноўнік.

Паводле яго слоў, інструменты іх дасягнення “могуць змяняцца”. Пры гэтым прыняцце названай пастановы Снапкоў назваў “вымушанай мерай”.

Пра тое, што ўрад распрацоўвае “альтэрнатыўную сістэму рэгулявання цэн” з “найменшым умяшаннем дзяржавы ў працэсы цэнаўтварэння”, паведаміў 18 кастрычніка міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў.

6 кастрычніка 2022 года Аляксандр Лукашэнка па выніках нарады аб цэнавай сітуацыі ў краіне падпісаў дырэктыву № 10 “Аб недапушчальнасці росту цэн”.

Пастановай урада ад 19 кастрычніка 2022 года № 713 было ўведзена рэгуляванне цэн на тавары ўсяго спажывецкага кошыка. Пазней з яго былі выключаныя некаторыя групы тавараў, падкарэктаваныя правілы рэгулявання коштаў.

У снежні 2023 года была прынятая чацвёртая рэдакцыя дакумента, у кастрычніку 2024-га — пятая.

Міжнародны валютны фонд прагназуе, што рост цэн па выніках года складзе 6%, Еўразійскі банк развіцця — 5,9%, Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця — 5,8%, даследчы цэнтр BEROC — 5,5–6%.

У 2023 годзе цэны выраслі на 5,8%.

Падзяліцца: