Мінск 16:00

Новым рэктарам ЕГУ абраны Вілюс Шадаўскас

Рэктар ЕГУ Вілюс Шадаўскас
Фота: ЕГУ

10 снежня, Позірк. Вілюс Шадаўскас, які з сёлетняга сакавіка выконвае абавязкі рэктара Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта (ЕГУ) у Вільнюсе, у выніку конкурснага адбору абраны на пасаду кіраўніка ВНУ.

На сайце ЕГУ адзначаецца, што ў конкурсе ўдзельнічала 13 кандыдатаў з пяці краін. Кіроўная рада і Агульны збор саўладальнікаў універсітэта абвясцілі, што Шадаўскас, які абараніў доктарскую ступень у галіне адукацыі ва Універсітэце Вітаўтаса Вялікага і атрымаў ступені бакалаўра і магістра гісторыі ва Універсітэце эдукалогіі Літвы, афіцыйна пачне працу ў якасці рэктара 6 студзеня 2025 года.

Шадаўскас далучыўся да ЕГУ у 2018 годзе і хутка дасягнуў высокіх кіраўнічых пазіцый. Перш чым стаць в.а. рэктара, ён спачатку займаў пасаду кіраўніка аддзела стратэгічнага планавання і развіцця, а затым пасаду канцлера. Адзначаецца, што на пазіцыі в.а. рэктара ён “зрабіў унёсак у стабільнасць і прадуктыўнасць універсітэта: правёў унутраныя структурныя рэформы, палепшыў рэпутацыю ЕГУ ў Літве і сярод міжнародных партнёраў і донараў, а таксама стабілізаваў працэсы прыёму ва ўніверсітэт, распрацоўку праграм і фінансавую сітуацыю”.

Кіраўнічыя органы ЕГУ, як заяўлена, абралі Шадаўскаса “на падставе яго адпаведнасці патрабаванням, якія выстаўляюцца да кандыдатаў на пасаду рэктара, яго высокай эфектыўнасці пры выкананні абавязкаў рэктара, яго стратэгічнага бачання будучага ЕГУ і яго шматгадовай прыхільнасці да універсітэта”.

“Вілюс уступае на пасаду рэктара ў перыяд асаблівых выпрабаванняў і зменаў для ўніверсітэта і рэгіёна, — гаворыцца ў паведамленні. — На пачатку гэтага года ЕГУ атрымаў беспрэцэдэнтную сямігадовую акрэдытацыю, што дазволіць вышэйшаму кіраўніцтву ўніверсітэта засяродзіцца на далейшым росце колькасці студэнтаў, падвышэнні навукова-даследчага патэнцыялу, пашырэнні спектра праграм і ўмацаванні фінансавай стабільнасці ўніверсітэта”.

“Мы ўпэўненыя, што пад кіраўніцтвам Вілюса ЕГУ ўзмоцніць сваю ўнікальную ролю — даваць беларусам і моладзі ўсяго рэгіёну якасную адукацыю, заснаваную на агульных каштоўнасцях, укладваючы ў іх здольнасць да крытычнага мыслення, творчай дзейнасці і незалежнасці”, — падкрэсліваецца на сайце ВНУ.

Папярэдні кіраўнік ЕГУ Кшыштаф Рыбіньскі быў рэктарам менш за год — з 3 красавіка 2023 па 29 лютага 2024 года, пасля чаго на гэтую пасаду ўтварылася вакансія.

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт адкрыўся ў Мінску ў 1992 годзе. У 2004 годзе беларускія ўлады, незадаволеныя самастойнасцю яго кіраўніцтва, закрылі ВНУ. Праз год ЕГУ аднавіў працу ў Вільнюсе, мае статус беларускага ўніверсітэта ў выгнанні. У ім навучаецца каля 1,5 тыс. студэнтаў, пераважна з Беларусі.

У 2024 годзе ў асноўныя праграмы ЕГУ паступіла 302 першакурснікі бакалаўрыяту, магістратуры і аспірантуры, 99 студэнтаў па інфарматыцы і 54 студэнты па новай праграме эканомікі. У 2024/2025 навучальным годзе ўніверсітэт прымае студэнтаў з больш як 20 краін свету.

Падзяліцца: