Мінск 19:03

Зазулінская назвала памілаванне палітвязняў часткай “маніпулятыўнай стратэгіі” рэжыму Лукашэнкі

Архіўнае фота: прэс-служба АПК

10 снежня, Позірк. Палітвязні ў Беларусі “застаюцца закладнікамі ў руках рэпрэсіўнай сістэмы”, іх вызваленне — гэта “не жэст гуманнасці, а частка маніпулятыўнай стратэгіі рэжыму” Аляксандра Лукашэнкі, заявіла прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская, каментуючы памілаванне яшчэ 29 чалавек, асуджаных з палітычных матываў.

На думку прадстаўніцы АПК, акт памілавання — гэта “важная падзея, якую нельга ігнараваць, гэта палёгка для сем’яў вызваленых”. “І гэта падзея падкрэслівае, што сталы ціск на рэжым можа прыводзіць да канкрэтных вынікаў”, — лічыць яна.

“Пакуль тысячы людзей працягваюць знаходзіцца за кратамі за свае перакананні, барацьба за іх свабоду павінна працягвацца. Кожнае вызваленне — гэта напамін пра каштоўнасць чалавечага жыцця, але таксама і пра тое, што нашая мэта — поўнае спыненне рэпрэсій, а не часовыя саступкі”, — дадала Зазулінская.

9 снежня прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі паведаміла, што падпісаны ўказ аб памілаванні яшчэ 29 асоб, якія “здзейснілі злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці”.

Сцвярджаецца, што ўсе яны “раскаяліся ва ўчыненым і звярнуліся з хадайніцтвам аб памілаванні”. Сярод іх 11 жанчын і 18 мужчын; 6 чалавек ва ўзросце да 25 гадоў, тры пенсіянеры; 15 чалавек з хранічнымі захворваннямі, два інваліды.

Гэта сёмая хваля памілаванняў за апошнія паўгода. На пачатку ліпеня Аляксандр Лукашэнка заявіў пра вызваленне яго “цяжкахворых апанентаў”, пасля чаго стала вядома пра выхад на волю 18 палітвязняў. Пазней ён падпісаў пяць указаў аб памілаванні асуджаных за “злачынствы пратэстнай” або “экстрэмісцкай скіраванасці” (на падставе ўказа ад 16 жніўня вызвалена 30 чалавек, 4 верасня — 30, 16 верасня — 37, 7 лістапада — 31, 20 лістапада — 32).

Такім чынам, за гэты час памілавана 207 чалавек.

На 10 снежня беларуская праваабарончая супольнасць прызнае палітвязнямі 1.283 чалавекі. Насамрэч людзей, якія зазналі рэпрэсіі ў той ці іншай форме, значна больш.

Улады адмаўляюць наяўнасць у Беларусі палітвязняў, спасылаючыся на тое, што ў Крымінальным кодэксе няма “палітычных” артыкулаў. Разам з тым дзясяткі розных крымінальных артыкулаў выкарыстоўваюцца для пераследу з палітычных матываў; тысячы людзей, асуджаных за ўдзел у пратэстах, крытыку і праяву непрымання рэжыму Лукашэнкі, заклеймаваныя “экстрэмістамі” і “тэрарыстамі”.

Падзяліцца: