Мінск 23:00

Лукашэнка сцвярджае, што ўвёз у Беларусь “не адзін дзясятак” ядзерных боегаловак

Ілюстрацыйнае фота: Аляксандра Бардаш / unsplash.com

10 снежня, Позірк. Пра тое, што на тэрыторыі Беларусі сапраўды маецца ядзерная зброя, Аляксандр Лукашэнка заявіў 10 снежня, адказваючы на пытанні работнікаў барысаўскага прадпрыемства “ПАЖСНАБ” (Мінская вобласць).

“Я сюды ўвёз ядзерныя боегалоўкі. Не адзін дзясятак штук, — цытуюць спікера дзяржаўныя СМІ. — Шмат хто піша: “А, гэта жарт, ніхто нічога не ўвёз”. Увезлі. А тое, што яны (апаненты. — “Позірк”.) кажуць, што гэта жарт, значыць, яны празявалі. Яны нават не заўважылі, як мы сюды іх завезлі”.

Лукашэнка выказаўся на гэты конт, адказваючы на пытанне пра планы размясціць у Беларусі расійскі ракетны комплекс “Арэшнік”.

“Калі ядзерную зброю выкарыстаць, гэта вялікая адказнасць, — сказаў ён. — Прынамсі пасля Хірасімы, Нагасакі (атамныя бамбардзіроўкі ЗША японскіх гарадоў 6 і 9 жніўня 1945 года. — “Позірк”.) ніхто яшчэ кнопку ядзернай зброі не націснуў. Наймагутныя буйныя дзяржавы, не кажучы пра Беларусь. Але я папярэдзіў усіх сваіх ворагаў, “сяброў” і сапернікаў: калі толькі вы наступіце на лінію дзяржаўнай мяжы, адказ будзе імгненным”.

“Я не буду глядзець — ядзерная зброя ці яшчэ нейкая. Пра гэта мы дамовіліся з расіянамі яшчэ да таго, як яны вярнулі нам ядзерную зброю. Яшчэ не тую зброю, якую мы ім аддалі. Там была стратэгічная зброя. А гэта тактычная ядзерная зброя. Хаця, напэўна, у пяць разоў больш магутная, чым гэты “Арэшнік”, — дадаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у Беларусі маецца “дзясятка тры пляцовак”, каб размясціць “Арэшнік”, як пра гэта раней заявіў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін, у другой палове 2025 года. “Вось мы выберам, таму што там мінімальная адлегласць да аб’ектаў паражэння павінна быць. Размесцім і нацэлім”, — падкрэсліў спікер. Пры гэтым, сцвярджае ён, уся пускавая ўстаноўка комплексу будзе беларускай.

9 лістапада Пуцін падпісаў Асновы дзяржаўнай палітыкі ў галіне ядзернага стрымлівання, у якой сярод іншага згадваецца Беларусь. У дакуменце пазначана, што Масква “пакідае за сабой права” выкарыстаць ядзерную зброю ў адказ на “прымяненне супраць яе і (або) яе саюзнікаў ядзернай і (або) іншых відаў зброі масавага паражэння, а таксама ў выпадку агрэсіі супраць Расійскай Федэрацыі і (або) Рэспублікі Беларусь як удзельнікаў Саюзнай дзяржавы з прымяненнем звычайнай зброі, якая стварае крытычную пагрозу іх суверэнітэту і (або) тэрытарыяльнай цэласнасці”.

На пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета (ВДС) Саюзнай дзяржавы 6 снежня ў Мінску Пуцін заявіў, што падпісаны ў той жа дзень дагавор аб гарантыях бяспекі РФ і Беларусі “вызначае ўзаемныя саюзніцкія абавязацельствы па забеспячэнні абароны, абарону суверэнітэту, незалежнасці і канстытуцыйнага ладу” дзвюх краін. Ён у чарговы раз нагадаў, што “гаворка ў тым ліку ідзе і пра расійскую тактычную ядзерную зброю”, размешчаную, “на прапанову” Лукашэнкі на тэрыторыі Беларусі.

Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч 6 снежня заявіў, што Лукашэнка мае асабісты “ядзерны чамаданчык” з “чырвонай кнопкай”.

Напрыканцы лістапада аб’яднанне былых сілавікоў BelPol апублікавала гадзіннікавы фільм-расследаванне “Ядзерная зброя ў Беларусі: выкрыццё хлусні дыктатараў”, у якім гаворыцца, што “цяпер няма ніякай пацверджанай інфармацыі і доказаў пра размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі”.

Канкрэтнага рашэння пра размяшчэнне на беларускай тэрыторыі “Арэшніка” няма. 6 снежня ў Мінску адбылося пасяджэнне ВДС, на якім Лукашэнка публічна папрасіў разгарнуць расійскую зброю ў Беларусі. Пуцін не выключыў такую магчымасць. “Гэта стане магчымым, думаю, у другой палове наступнага года па меры нарошчвання выпуску такіх комплексаў, серыйнага выпуску гэтых комплексаў у Расіі і па меры паступлення гэтых ракетных сістэм на ўзбраенне расійскіх войск стратэгічнага прызначэння”, — сказаў прэзідэнт РФ.

7 снежня намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл Сяргей Лагадзюк заявіў, што Лукашэнка даручыў задзейнічаць вайсковую прамысловасць Беларусі ў далейшым развіцці згаданага расійскага ракетнага комплексу.

Упершыню пра жаданне размясціць “Арэшнік” на тэрыторыі Беларусі Лукашэнка заявіў 28 лістапада на палях саміту АДКБ у Астане (Казахстан).

Расія раніцай 21 лістапада нанесла ўдар па ўкраінскім горадзе Дняпро, дзе знаходзіцца завод па вытворчасці ракетна-касмічнай і іншай тэхнікі “Південмаш” (“Паўдзённы машынабудаўнічы завод імя Макарава”). Пазней Пуцін заявіў, што войска РФ выкарыстала для гэтага балістычную ракету ў бяз’ядзернай камплектацыі пад назвай “Арэшнік”. Паводле яго сцвярджэння, сродкаў яе перахопу ў свеце не існуе.

Падзяліцца: