Мінск 18:43

Цана супрацьстаяння Лукашэнку высокая, гэты цяжар не можа ляжаць толькі на беларусах — Ціханоўская і Стайнфелд

Архіўнае фота: "Позірк"

10 снежня, Позірк. “Цана супрацьстаяння” рэжыму Аляксандра Лукашэнкі “шакавальна высокая, але гэты цяжар не можа ляжаць толькі на плячах” беларускага народа, гаворыцца ў сумесным артыкуле дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай і галоўнага рэдактара часопіса “Індэкс цэнзуры” Джэмаймы Стайнфелд.

Аўтары матэрыялу лічаць, што міжнародная супольнасць мусіць “ўзмацніць галасы” беларусаў, “памятаць пра ахвяр і забяспечыць працяг барацьбы за свабоду ў Беларусі”.

Беларусь, як адзначаецца ў артыкуле, завяршае 2024 год і “ўступае ў новы год са змрочнымі перспектывамі”. Звяртаецца ўвага на тое, што Лукашэнка “зноў пагражае адключыць інтэрнэт падчас выбараў”, любая форма пратэсту “жорстка душыцца”, рэпрэсіі “не толькі не спыніліся, але і ўзмацняюцца”. Па краіне пракацілася хваля масавых затрыманняў, якая сведчыць пра жаданне Лукашэнкі “прымусіць усю краіну замаўчаць напярэдадні выбараў”.

Нягледзячы на змрочную карціну, “маюцца падставы для надзеі”, мяркуюць Ціханоўская і Стайнфелд. Беларускія незалежныя СМІ, вымушаныя знаходзіцца ў выгнанні, “працягваюць сваю працу насуперак усяму” і з’яўляюцца “наймацнейшым проціяддзем супраць лукашэнкаўскай і расійскай прапаганды”, падкрэслілі яны.

Усіх рэпрэсаваных беларусаў аб’ядноўвае “не толькі тое, што яны несправядліва заключаныя ў турму”, але і “жаданне зрабіць Беларусь лепшай”.

Аўтары артыкула заклікалі выступаць у абарону журналістаў, якія знаходзяцца ў няволі, і ўсіх палітвязняў у Беларусі, адпраўляць ім лісты салідарнасці, прыцягваць увагу да беларускай сітуацыі і жорсткіх рэпрэсій, якія ў ёй разгортваюцца.

“Мы не можам нармалізаваць тэрор ці дазволіць дыктатарам адчуваць сябе беспакаранымі. <…> Сёння свет адчайна мае патрэбу ў меншай колькасці дыктатараў”, — падкрэслілі аўтары матэрыялу.

На 10 снежня беларуская праваабарончая супольнасць прызнае палітвязнямі 1.283 чалавекі. Насамрэч людзей, якія зазналі рэпрэсіі ў той ці іншай форме, значна больш.

У месцах няволі знаходзіцца 35 супрацоўнікаў СМІ.

Падзяліцца: