Мінск 03:02

Лукашэнка запрасіў у Беларусь прэзідэнта Ганы — умацаваць “традыцыйна сяброўскія” стасункі

прэзідэнт Ганы Джон Драмані Махама
Фота: The Southern African Times

11 снежня, Позірк. Надзею на “далейшае ўмацаванне традыцыйна сяброўскіх двухбаковых стасункаў” выказаў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 10 снежня Джона Драмані Махаму з абраннем на пасаду прэзідэнта Ганы.

У сувязі з гэтым, як паведамляе прэс-служба віншавальніка, новы кіраўнік гэтай дзяржавы ў Заходняй Афрыцы запрошаны “наведаць Мінск з афіцыйным візітам у любы зручны час”.

Лукашэнка “пацвердзіў зацікаўленасць” у развіцці “доўгатэрміновых трывалых сувязей паміж дзвюма краінамі на карысць іх народаў”. На яго думку, Беларусь і Гана маюць “істотны патэнцыял супрацы” ў прамысловасці, ахове здароўя, навуцы і адукацыі, сельскай гаспадарцы і харчовай бяспецы.

Махама раней ужо займаў пасаду ганскага прэзідэнта — у 2012–2017 гадах.

Беларусь і Гана ўсталявалі дыпламатычныя стасункі 5 чэрвеня 1992 года.

Двухбаковы тавараабарот у 2021 годзе, паводле даных Міністэрства замежных спраў, склаў усяго 10,6 млн долараў (беларускі экспарт — 3,3 млн, ганскія пастаўкі — 7,3 млн). Актуальнай інфармацыі ў адкрытым доступе няма.

Краіны супастаўныя паводле плошчы (Беларусь — 207,6 тыс. км2, Гана — 238,5 тыс. км2), але істотна адрозніваюцца паводле колькасці насельніцтва (9,13 млн супраць 33,74 млн). Даныя Міжнароднага валютнага фонду сведчаць, што пры параўнальным узроўні валавога ўнутранага прадукту ў наяўных цэнах Беларусь у некалькі разоў апярэджвае Гану паводле ВУП на душу насельніцтва (8,01 тыс. долараў супраць 2,23 тыс.).

Падзяліцца: