Мінск 03:03

Колькасць участкаў для галасавання на выбарах прэзідэнта скарацілася ў параўнанні з 2020 годам на 7,7%

Фота: "Позірк"

12 снежня, Позірк. У Беларусі ўтворана 5.325 выбарчых участкаў для галасавання на прэзідэнцкіх выбарах 26 студзеня 2025 года, паведаміў 12 снежня Цэнтрвыбаркам.

Тэрытарыяльна ўсе ўчасткі знаходзяцца ў Беларусі.

У параўнанні з выбарамі 2020 года колькасць участкаў скарацілася на 7,7% (з 5.767, 44 з іх размяшчаліся за межамі Беларусі).

У Гомельскай вобласці сфарміравана 925 участкаў (у 2020 годзе — 997), Мінскай — 894 (992), Брэсцкай — 861 (910), Мінску — 701 (687), Магілёўскай вобласці — 683 (731), Віцебскай — 672 (750), Гродзенскай — 589 (656). Колькасць выбарчых участкаў ва ўсіх абласцях скарацілася, у Мінску — павялічылася.

ЦВК нагадаў, што падача дакументаў аб вылучэнні прадстаўнікоў у склад участковых камісій магчымая да 20 снежня.

Сёмая прэзідэнцкая кампанія праходзіць пад кантролем уладаў, палітычнае поле краіны зачышчана ад актыўных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі. Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл за мяжой называюць тое, што адбываецца, “спецаперацыяй па ўтрыманні ўлады”, праваабаронцы ўказваюць на імітацыю канкурэнцыі.

З 1996 года ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.

Падзяліцца: