Мінск 23:01

Бязвізавы ўезд для грамадзян еўрапейскіх краін падоўжаны да канца 2025 года

Крыніца: Дзяржаўны мытны камітэт

13 снежня, Позірк. Бязвізавы ўезд для грамадзян еўрапейскіх краін падоўжаны да 31 снежня 2025 года ўключна, паведамляе Дзяржаўны пагранічны камітэт (ДПК) са спасылкай на рашэнне Аляксандра Лукашэнкі.

Адзначаецца, што пастанова прынятая, “улічваючы папулярнасць беларускага “бязвізу” сярод замежнікаў”.

ДПК сцвярджае, што з пачатку дзеяння бязвізавага рэжыму Беларусь наведала больш за 1 млн грамадзян краін Еўропы. Найбольшай папулярнасцю бязвізавы ўезд карыстаецца ў турыстаў з сумежных краін Еўрасаюза — Літвы, Латвіі, Польшчы, а таксама Германіі, Эстоніі, Італіі, Францыі і Вялікабрытаніі, гаворыцца ў паведамленні ведамства.

Бязвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж года — для жыхароў Польшчы. Лукашэнка некалькі разоў падаўжаў яго тэрмін, апошні раз — да канца 2024 года.

19 ліпеня 2024 года беларускія ўлады распаўсюдзілі бязвізавы рэжым на грамадзян яшчэ 35 краін Еўропы. Большасць з іх рэжым Лукашэнкі лічыць “недружалюбнымі” за тое, што ўвялі санкцыі альбо далучыліся да іх.

Згодна з апублікаванай 17 ліпеня заявай Міністэрства замежных спраў, гаворка пра жыхароў Аўстрыі, Андоры, Бельгіі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Ватыкана, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Кіпра, Ліхтэнштэйна, Люксембурга, Мальты, Манака, Нідэрландаў, Нарвегіі, Партугаліі, Румыніі, Сан-Марына, Паўночнай Македоніі, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі і Эстоніі.

Яны могуць уязджаць у Беларусь без візы праз усе наземныя і паветраныя міжнародныя пункты пропуску “паводле сапраўдных дакументаў”, знаходзіцца на беларускай тэрыторыі “не больш за 30 дзён з дня ўезду”.

Падзяліцца: