Мінск 03:41

Чарговы расійскі беспілотнік уварваўся ў паветраную прастору Беларусі — УСУ

Ілюстрацыйнае фота: mil.in.ua

13 снежня, Позірк. Аб масіраванай камбінаванай атацы з боку Расіі паведамляе камандаванне паветраных сіл Узброеных сіл Украіны.

Адзначаецца, што з 14.00 12 снежня да 10:00 13 снежня расійскія вайскоўцы нанеслі па Украіне ўдары 94 ракетамі і 193 беспілотнымі лятальнымі апаратамі.

Сілы СПА УСУ збілі 82 ракеты і 80 БПЛА. Яшчэ 105 беспілотнікаў, як паведамляецца, “праз актыўнае супрацьдзеянне сіл абароны не дасягнулі сваіх цэляў” і былі “лакальна страчаныя”, “пяць — вярнуліся ў расію, адзін — у Беларусь” (арфаграфія захаваная).

“У чарговы раз ракетна-дронавы ўдар праціўніка ў асноўным быў накіраваны па аб’ектах энергетыкі Украіны”, — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле інфармацыі маніторынгавай групы “Беларускі Гаюн”, за суткі ў паветраную прастору Беларусі ўварвалася не менш за восем расійскіх БПЛА, усе заляцелі ў Гомельскую вобласць.

Падкрэсліваецца, што авіяцыя ВПС Беларусі “падымалася і лётала на паўднёвы ўсход краіны тры разы”, пры гэтым “з зямлі назіраліся спробы ліквідацыі расійскіх дронаў”.

Раней украінскія Паветраныя сілы паведамлялі аб залёце на беларускую тэрыторыю расійскіх дронаў у ноч на 17, 18, 20, 22, 26, 27, 28 кастрычніка, 1, 3, 10, 11, 12, 13, 20, 22, 25, 26, 27 лістапада, 2, 3 і 6 снежня.

4 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка прызнаў факты парушэння мяжы баявымі беспілотнікамі і заявіў, што беларускі бок шмат збівае незалежна ад таго, украінскія яны ці расійскія.

Залёт БПЛА Лукашэнка патлумачыў недасведчанасцю аператараў, адзначыўшы, што пасля ўздзеяння сродкаў радыёэлектроннай барацьбы апараты губляюць арыенцір.

У ноч на 3 кастрычніка з’явілася інфармацыя пра ўварванне чарговага расійскага беспілотніка. Тады было выказана меркаванне, што дрон іранскай маркі “Шахед” мог упасці ў Калінкавічах (Гомельская вобласць). Беларускія ўлады інцыдэнт ніяк не каментавалі. Аднак на наступны дзень супрацоўнікі КДБ “пры сілавой падтрымцы вайскоўцаў САХРу” затрымалі жыхарку Калінкавічаў. Яны ўварваліся ў дом, відэакамера на якім зафіксавала шум і водбліскі беспілотніка, што падаў.

У ноч на 5 верасня некалькі дронаў былі збітыя над Гомелем, абломкі аднаго з іх упалі на будынак склада, ніхто не пацярпеў. Мінабароны прызнала факт парушэння мяжы лятучымі аб’ектамі, але не назвала, каму яны належалі.

Падзяліцца: