Мінск 05:47

Распачатая спецвытворчасць у дачыненні да Вадзіма Пракоп’ева і васьмі добраахвотнікаў палка Каліноўскага

13 снежня, Позірк. Следчы камітэт (СК) 13 снежня абвясціў пра пачатак спецвытворчасці ў дачыненні да васьмі беларускіх добраахвотнікаў палка імя Кастуся Каліноўскага, а таксама ўжо трэцяй спецвытворчасці супраць аднаго з заснавальнікаў беларускага добраахвотніцкага палка “Пагоня”, былога рэстаратара Вадзіма Пракоп’ева.

Пракоп’еву інкрымінуюць здзяйсненне злачынстваў паводле ч. 2 арт. 361¹, ч. 2 арт. 361³, ч. 1 і 2 арт. 361⁴, арт. 361⁵ Крымінальнага кодэкса.

Беларускія добраахвотнікі Аляксей Манчынскі, Раман Яроменка, Павел Кахновіч, Ціхан Клюкач, Яўген Каранкевіч, Аляксандр Пятроўскі, Яўген Салохін і Ягор Іспенькоў абвінавачваюцца паводле розных набораў артыкулаў.

У абвінавачаннях усіх васьмі фігуруе артыкул 361¹ (розныя часткі). Таксама ў пераліку абвінавачанняў згадваюцца артыкулы 13, 130, 188, 293, 361³, 361⁴, 361⁵, 367, 368, 369. Найбольшую колькасць артыкулаў (11) інкрымінуюць былому палітзняволенаму Клюкачу.

Раман Яроменка абвінавачваецца па двух артыкулах КК, астатнія — па трох, найчасцей гэта (акрамя 361¹) артыкулы 361³, 361⁴, 361⁵.

10 снежня СК распачаў спецыяльную вытворчасць супраць пяці беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць ва Украіне.

26 снежня 2023 года Брэсцкі абласны суд завочна прыгаварыў Вадзіма Пракоп’ева да 25 гадоў пазбаўлення волі. Суд таксама пастанавіў спагнаць з яго штраф у памеры 1.000 базавых велічынь (37 тыс. рублёў) і забараніў на працягу пяці гадоў займаць кіруючыя пасады.

Ён быў прызнаны вінаватым паводле ч. 2 арт. 367 (паклёп на прэзідэнта), ч. 1 і 2 арт. 368 (абраза прэзідэнта), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), ч. 1 арт. 130 (распальванне <…> варожасці ці варажнечы), ч. 3 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый) і іншых дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацбяспецы Беларусі) Крымінальнага кодэкса.

Для Пракоп’ева гэта быў ужо другі завочны прысуд да 25 гадоў пазбаўлення волі. 21 чэрвеня 2023 года Мінскі гарадскі суд прыгаварыў яго да такога тэрміну па справе аб падпале дома дэпутата Палаты прадстаўнікоў, лідара праўладнай Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алега Гайдукевіча. На мужчыну таксама быў накладзены аналагічны штраф — 1.000 базавых велічынь.

Спецыяльная вытворчасць — вытворчасць па крымінальнай справе ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Беларусі і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс. Магчымая па 34 складах злачынстваў, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, найміцтва, здрада дзяржаве, дыверсія, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый і інш.

Даведка “Позірку”:

арт. 13 Крымінальнага кодэкса — падрыхтоўка да злачынства;

арт. 130 — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы;

арт. 188 — паклёп;

арт. 293 — масавыя беспарадкі;

арт. 290² — садзейнічанне тэрарыстычнай дзейнасці;

арт. 361¹ — стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім;

арт. 361³ — удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні ці ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка альбо падрыхтоўка асоб для такога ўдзелу;

арт. 361⁴ — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці;

арт. 361⁵ — праходжанне навучання або іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці;

арт. 367 — паклёп у дачыненні да прэзідэнта;

арт. 368 — абраза прэзідэнта;

арт. 369 — абраза прадстаўніка ўлады.

Падзяліцца: