Мінск 17:12

За мінулыя суткі ад агню ў Беларусі загінула тры чалавекі, траўмавана — 23

14 снежня, Позірк. За мінулыя дзяжурныя суткі (з 6:00 13 снежня да 6:00 14 снежня) ад агню ў Беларусі загінула тры чалавекі, вынікае з аператыўнай зводкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Па адным трагічным выпадку адбылося ў Брэсцкай, Віцебскай і Магілёўскай абласцях.

У той жа час за суткі траўмы на пажарах атрымала 23 чалавекі: у Віцебскай вобласці — 17, Магілёўскай — 5, Гродзенскай — 1.

Увечары 13 снежня ў віцебскім гандлёвым цэнтры “Беларусь” адбыўся маштабны пажар, на тушэнне якога ратавальнікам спатрэбілася больш за чатыры гадзіны. Міністэрства аховы здароўя паведаміла пра 15 пацярпелых (шпіталізавана — 12), МНС — пра двух пацярпелых супрацоўніках.

З пачатку 2024 года ў Беларусі адбылося 5.902 пажары — на 7,5% больш, чым за той жа перыяд 2023-га (5.493). Загінула 511 чалавек (+7,8%, 474), траўмавана 587 (+15,6%, 508).

Падзяліцца: