Мінск 14:01

На запрашэнне фонду Талая ў Беларусі пабывала яшчэ дзесяць дзяцей з акупаванага Данецка

Фота: фонд Талая / "Мінск-Навіны"

14 снежня, Позірк. Дзесяць дзяцей з так званай “данецкай народнай рэспублікі” — акупаванай Расіяй часткі Данецкай вобласці Украіны — наведала Астрашыцкі Гарадок (Мінская вобласць) на запрашэнне фонду паралімпійца Аляксея Талая, вынікае з інфармацыі дзяржаўнага інфармагенцтва “Мінск-Навіны”.

У матэрыяле дзеці названыя “падапечнымі грамадскай арганізацыі “Дэльфіны” — данецкай структуры на чале з Вольгай Волкавай, арганізацыі, якая супрацоўнічае з акупацыйнымі ўладамі.

ДзяржСМІ паведамляе, што дзеці прыбылі ў Беларусь “у суправаджэнні дзесяці дарослых”, мяркуючы з далейшага тэксцу, бацькамі. Сцвярджаецца, што мэта паездкі — “двухтыднёвае аднаўленчае лячэнне”, прычым некаторыя з дзяцей “прайшлі ўжо паўторны курс”.

Паводле інфармацыі медыя, візіцёры былі ў “клініцы”. Верагодна, гаворка пра Рэспубліканскую дзіцячую бальніцу медыцынскай рэабілітацыі, што месціцца ў Астрашыцкім Гарадку.

“Напрыканцы змены” дзеці, як паведамляецца, “падрыхтавалі канцэрт для іншых пацыентаў клінікі і гасцей”, на якім прысутнічаў аташэ амбасады РФ Эльдар Ешаліеў.

Намеснік дырэктара па сацпрацы фонду Талая Алена Ярашэвіч заявіла агенцтву “Мінск-Навіны”, што беларускія дактары “аказалі дзецям тую дапамогу, якую яны раней не маглі атрымаць у Данецку”, у выніку чаго тыя “сталі лепш размаўляць, хадзіць”. “Беларускія адмыслоўцы правялі кансультацыі і прызначылі неабходнае аднаўленчае лячэнне”, — сказала яна.

У другой дэкадзе лістапада расійскае прапагандысцкае агенцтва “Спутнік” паведаміла пра візіт у Беларусь навучэнцаў данецкай “Школы № 4 — Кадэцкага корпуса імя А.У. Захарчанкі” (установа названая імем ліквідаванага ў 2018 годзе кіраўніка “днр” Аляксандра Захарчанкі). Яны наведалі “Рускі дом” у Гродне, “пагутарылі з расійскімі дыпламатамі”, у прыватнасці з генеральным консулам РФ у беларускім абласным цэнтры Феадосіем Уладышэўскім, а таксама “суайчыннікамі і журналістамі”, сустрэліся з навучэнцамі Гродзенскага каледжа бізнесу і права.

На пачатку лістапада Аб’яднаны пераходны кабінет паведаміў, што Народнае антыкрызіснае ўпраўленне (НАУ), якое ўзначальвае намеснік кіраўніка АПК Павел Латушка, сабрала і задакументавала новыя звесткі пра перамяшчэнне ў Беларусь дзяцей з акупаваных Расіяй украінскіх тэрыторый.

Гаворка ішла пра “восем прыездаў” арганізаваных груп дзяцей з так званых “луганскай і данецкай народных рэспублік” з красавіка 2023 года па верасень 2024-га.

У паведамленні гаварылася, што “праводзіцца праца па ідэнтыфікацыі і зборы інфармацыі пра супрацоўнікаў так званага дабрачыннага фонду імя Аляксея Талая, якія ўдзельнічаюць у ваенным злачынстве — незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей з акупаваных рэгіёнаў Украіны ў Беларусь”.

20 верасня Латушка заявіў, што, паводле сабраных на той момант звестак, дэпартацыю на тэрыторыю Беларусі зазнала звыш 3,5 тыс. дзяцей з больш як 20 населеных пунктаў, якія знаходзяцца на акупаваных тэрыторыях Украіны. Палітык нагадаў, што ў 2023 годзе НАУ двойчы перадавала ў Міжнародны крымінальны суд (МКС) у Гаазе матэрыялы з доказамі здзяйснення гэтага злачынства.

НАУ паслядоўна дабіваецца выдачы МКС ордара на арышт Аляксандра Лукашэнкі.

24 верасня ўкраінскі праграмны дырэктар міжнароднай праваабарончай арганізацыяй Freedom House (штаб-кватэра ў Вашынгтоне) Юрый Юркевіч заявіў, што ў МКС былі перададзеныя “новыя доказы непасрэднага ўдзелу рэжыму Лукашэнкі” ў перамяшчэнні ў Беларусь украінскіх дзяцей.

5 кастрычніка быў апублікаваны даклад “Украдзенае дзяцінства”, падрыхтаваны Freedom House, праваабарончым цэнтрам “Вясна”, аб’яднаннем былых сілавікоў BelPol (беларускія арганізацыі ў выгнанні), а таксама рэгіянальным цэнтрам правоў чалавека і праваабарончым цэнтрам ZMINA (Украіна).

Афіцыйны прадстаўнік МКС Фадзі эль-Абдала 9 кастрычніка паведаміў, што нягледзячы на тое, што Беларусь не далучылася да Рымскага статуту МКС, рэжым Лукашэнкі можа быць прыцягнуты да адказнасці за датычнасць да дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый.

Падзяліцца: