Мінск 17:06

Лукашэнка павіншаваў з абраннем прэзідэнтам Грузіі Кавелашвілі — вылучанага кіроўнай партыяй экс-футбаліста

Міхеіл Кавелашвілі
Крыніца: інфармагенцтва "Навіны-Грузія"

14 снежня, Позірк. Аднаўленне “плённага і канструктыўнага ўзаемадзеяння <…> будзе садзейнічаць далейшаму ўмацаванню” стасункаў паміж Беларуссю і Грузіяй, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 14 снежня Міхеіла Кавелашвілі з абраннем прэзідэнтам грузінскай дзяржавы.

Віншавальнік, згодна з тэкстам апублікаванага яго прэс-службай паслання, сярод іншага зычыў шостаму прэзідэнту Грузіі “паспяховай рэалізацыі планаў і новых здзяйсненняў на карысць сваёй Айчыны”.

Кавелашвілі быў адзіным кандыдатам на пасаду прэзідэнта, яго вылучыла кіроўная партыя “Грузінская мара”, абвешчаная пераможцам на спрэчных парламенцкіх выбарах сёлета ў кастрычніку.

Упершыню за час незалежнасці Грузіі прэзідэнта абралі не ўсеагульным галасаваннем, а праз калегію выбаршчыкаў (у спісе было 300 асоб — 150 парламентарыяў, 109 членаў органаў мясцовага самакіравання, 21 дэпутат Вярхоўнага савета Аджарыі і 20 прадстаўнікоў Вярхоўнага савета Абхазіі).

Кавелашвілі быў абраны 224 з 225 выбаршчыкаў, якія ўдзельнічалі ў галасаванні (пры неабходным парозе ў 200 галасоў). Варта адзначыць, што ўсе члены органаў мясцовага самакіравання былі прадстаўнікамі “Грузінскай мары”, у кіроўнай партыі таксама больш за палову крэслаў у парламенце.

Пяты прэзідэнт Грузіі Саламэ Зурабішвілі назвала працэдуру пародыяй і правакацыяй і заявіла, што не будзе складаць паўнамоцтвы да правядзення новых парламенцкіх выбараў. Сфармаваны ў кастрычніку склад заканадаўчага органа яна, як і апазіцыйныя партыі, лічыць нелегітымным.

53-гадовы Кавелашвілі быў дэпутатам парламента двух папярэдніх скліканняў, прайшоў і ў склад цяперашняга. Ён не мае вышэйшай адукацыі, што некалі перашкодзіла яму — прафесійнаму футбалісту — балатавацца на пасаду прэзідэнта Федэрацыі футбола Грузіі.

Кавелашвілі гуляў у грузінскіх клубах “Лакаматыў”, “Дынама” (абодва — Тбілісі), расійскім клубе “Спартак-Аланія” (“Аланія”; Уладзікаўказ), англійскім — “Манчэстэр Сіці”, у якасці арэнднага гульца — у швейцарскім “Грасхопер” ды іншых клубах гэтай краіны. Шасціразовы чэмпіён Грузіі (1990–1995), чэмпіён Расіі (1995), чэмпіён Швейцарыі (1996).

Грамадска-палітычны крызіс у Грузіі разгарэўся пасля парламенцкіх выбараў 26 кастрычніка. Кіроўная партыя “Грузінская мара”, паводле даных Цэнтрвыбаркама, атрымала 89 са 150 дэпутацкіх крэслаў. Апазіцыйныя сілы абвінавацілі палітычных канкурэнтаў у фальсіфікацыях і не прызналі вынікі выбараў. Аб’яднанні “Кааліцыя за перамены”, “Моцная Грузія” і “Адзінства — Нацыянальны рух”, якія прайшлі ў парламент, адмовіліся ў агульнай складанасці ад 49 дэпутацкіх мандатаў (партыя “За Грузію” на такі крок не пайшла, але выбары не прызнала).

Зурабішвілі і апазіцыя лічаць дзейнасць цяперашняга парламента неканстытуцыйнай. З першага пасяджэння новага склікання 25 лістапада (у сходах удзельнічаюць толькі дэпутаты ад кіроўнай партыі) у Тбілісі і іншых гарадах штодня праходзяць акцыі пратэсту.

28 лістапада прэм’ер-міністр Іраклій Кабахідзэ — экс-старшыня “Грузінскай мары” — сярод іншага абвясціў рашэнне замарозіць перамовы аб членстве краіны ў ЕС да 2028 года. Яго заява справакавала новы віток пратэстаў, якія ўлады сталі жорстка задушваць.

Супраць фактычнай адмовы ад еўрапейскага вектара развіцця Грузіі выступілі ў тым ліку некаторыя прадстаўнікі ўладных структур, асобныя на знак пратэсту звольніліся.

Беларус, якога затымлівалі падчас пратэстах у Грузіі, выляцеў у Літву

7 снежня, Позірк. Грамадзянін Беларусі Яўген Муравіцкі, якога затрымалі напрыканцы лістапада падчас пратэстаў у Тбілісі, але пасля вызвалілі, 7 снежня выляцеў з грузінскай сталіцы ў Вільнюс, паведаміў "Позірку"праваабаронца Раман Кісляк, што суправаджаў маладога чалавека. "Па парадзе праваабаронцаў ён эвакуяваўся з Грузіі", — адзначыў …
Падзяліцца: