Мінск 02:07

ЕС увёў санкцыі ў дачыненні да 26 фізічных і дзвюх юрыдычных асоб з Беларусі

Фота: "Позірк"

16 снежня, Позірк. Савет ЕС 16 снежня прыняў рашэнне аб увядзенні абмежавальных мер у дачыненні да яшчэ 26 фізічных і дзвюх юрыдычных асоб з Беларусі ў сувязі з сітуацыяй у краіне, паведамляецца на сайце арганізацыі.

Юрыдычнымі асобамі з’яўляюцца ТАА “Влатэ Лагістык” і ТАА “Рузэкспедыцыя”. Першая кампанія, як адзначаецца ў рашэнні, “валодае пунктамі пропуску на мяжы ЕС і Беларусі”, мае статус “аўтарызаванага аператара” і “карыстаецца значнымі падатковымі льготамі і перавагамі ад рэжыму Лукашэнкі”.

ТАА “Рузэкспедыцыя”, на думку ЕС, уцягнута ў схему ўхілення ад санкцый ЕС”, пры гэтым у арганізацыі спасылаюцца на вынікі журналісцкага расследавання.

Трэба адзначыць, што ў дачыненні да асоб, звязаных з дзвюма згаданымі кампаніямі, 9 жніўня былі ўведзены санкцыі ЗША.

Поўны спіс фізічных асоб, у дачыненні да якіх 16 снежня ўведзены санкцыі ЕС, выглядае наступным чынам:

Вера Філонік — суддзя Брэсцкага абласнога суда;

Ірына Прадун — суддзя і старшыня суда Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці;

Віталь Сініла — суддзя і старшыня суда Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці;

Вадзім Мазоль — суддзя суда Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці;

Ніна Шастак — суддзя Брэсцкага абласнога суда;

Ірына Майко — суддзя Мінскага абласнога суда;

Васіль Бягун — суддзя Гомельскага абласнога суда;

Яўген Брэган — суддзя Брэсцкага абласнога суда;

Аляксандр Мохараў — суддзя суда Савецкага раёна Гомеля;

Алеся Осіпава — суддзя суда Цэнтральнага раёна Гомеля;

Віктар Новік — старшыня суда Жабінскага раёна Брэсцкай вобласці;

Вадзім Мурашка — начальнік папраўчай калоніі № 13 у Глыбокім (Віцебская вобласць);

Сяргей Бярэйшык — намеснік начальніка СІЗА № 1 Мінска;

Мікалай Мушкароў — супрацоўнік СІЗА № 1;

Сяргей Петраковіч — начальнік папраўчай калоніі № 9 у Горках (Магілёўская вобласць);

Віктар Лутцаў — начальнік медыцынскай часткі турмы № 1 Гродна;

Ігар Субоцін — бізнесмен;

Аляксей Швакаў — старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў;

Алег Арлоў — бізнэсмэн, уладальнік занесенай у санкцыйны спіс “Рузэкспедыцыя”;

Андрэй Рыбакоў — генеральны дырэктар ААТ “Беларуськалій”;

Алег Барабанаў — дырэктар і саўладальнік унесенага ў санкцыйны спіс ТАА “Улаце Лагістык”;

Алег Герасім — саўладальнік ТАА “Улатэ Лагістык”;

Алег Пятроў — саўладальнік ТАА “Улатэ Лагістык”;

Дзмітрый Замулевіч — саўладальнік ТАА “Улатэ Лагістык”;

Уладзімір Аркадзьеў — саўладальнік ТАА “Улатэ Лагістык”;

Андрэй Свірыдаў — фінансавы дырэктар Dimacandum Invest Holding LTD.

Першыя 16 асобаў са спісу з’яўляюцца, як адзначаецца на сайце, “рознымі прадстаўнікамі судовай улады, а менавіта суддзямі, якія выносілі палітычна матываваныя прысуды, у тым ліку ў дачыненні да грамадзян, якія выказвалі сваё меркаванне супраць рэжыму Лукашэнкі, супраць сістэмы і жорсткасці беларускіх праваахоўных структур, і, такім чынам, адказныя за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі. Акрамя таго, абмежавальныя меры прыменены да начальнікаў і намеснікаў начальнікаў розных папраўчых устаноў (турмаў і СІЗА), а таксама да начальніка медсанчасткі адной з гэтых устаноў, дзе шэраг палітвязняў утрымліваецца ў нечалавечых умовах і падвяргаецца здзекам”.

Увядзенне санкцый у дачыненні да іх пракаментаваў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка. На яго думку, “пашырэнне санкцыйных спісаў — важнае сведчанне таго, што голас беларусаў чуюць у ЕС”.

“Унясенне ў іх “суддзяў” і супрацоўнікаў катавальных рэжымаў Лукашэнкі — гэта вынік намаганняў НАУ. І ўсе, хто здзяйсняе злачынствы супраць беларусаў, павінны памятаць — мы будзем працягваць нашу працу”, — сцвярджае палітык.

Таксама пад санкцыі трапіў старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Аляксей Швакаў, якога ў ЕС абвінавацілі ў “сістэмных рэпрэсіях супраць адвакатаў, якія прадстаўляюць інтарэсы кліентаў у палітычна матываваных справах або выступаюць супраць злоўжыванняў рэжыму”.

Яшчэ дзевяць асоб з’яўляюцца бізнесменамі. Пяцёра з іх маюць дачыненне да ТАА “Улатэ Лагістык”, адзін — да ТАА “Рузэкспедыцыя”.

Пад санкцыі трапілі новы (з 4 лістапада) гендырэктар ААТ “Беларуськалій” Андрэй Рыбакоў і фінансавы дырэктар зарэгістраванай на Кіпры кампаніі Dimacandum Invest Holding LTD, якую ў ЕС абвінавацілі ў садзейнічанні беларускаму вытворцу калійных угнаенняў, які ўжо знаходзіўся пад санкцыямі Еўрасаюза.

Акрамя таго, санкцыі ЕС уведзены ў дачыненні да бізнесмена Алега Субоціна, якога ў пастанове назвалі “даўнім блізкім паплечнікам” бізнесмена Аляксандра Шакуціна (знаходзіцца пад санкцыямі ЕС з 17 снежня 2020 года).

Пасля рашэння Савета ЕС ад 16 снежня пад еўрапейскімі санкцыямі знаходзяцца 287 фізічных і 40 юрыдычных беларускіх асоб, вынікае з парадкавых нумароў дададзеных у яго асоб.

Падзяліцца: