Мінск 05:12

МУС унесла Шрайбмана, Пытлеву і яшчэ пяць чалавек у спіс датычных да “экстрэмісцкага фарміравання” “Зеркало”

Фота: "Позірк"

17 снежня, Позірк. Міністэрства ўнутраных спраў 17 снежня дапоўніла спіс датычных да “экстрэмісцкага фарміравання” “Зеркало”, вынікае з абноўленага пераліку на сайце ведамства.

Заяўляецца, што “група грамадзян з ліку стваральнікаў, адміністратараў і ўдзельнікаў шэрагу суполак <…>; [медыяпраекта] “Зеркало / Zerkalo.io” ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць”.

Сярод датычных названыя Аляксандра Эльбаўм, Іван Прус, Анастасія Цярэшка, Наталля Цюлюпава, Вольга Новік, журналістка Кацярына Пытлева, палітолаг Арцём Шрайбман.

МУС прызнала “экстрэмісцкім фарміраваннем” медыя “Зеркало”, створанае часткай каманды знішчанага партала tut.by, 9 чэрвеня 2023 года.

Акрамя сайта zerkalo.io, датычнымі да “фарміравання” вызначаны рэсурсы медыя ў сацыяльных сетках “Фэйсбук”, “Інстаграм”, “УКантакце”, “Аднакласнікі”, а таксама “ютуб-” і тэлеграм-канал. Цяпер у спіс дададзеныя старонкі праекта ў “ЦікТоку”.

Напрыканцы 2022 года суд Лоеўскага раёна (Гомельская вобласць) прызнаў “экстрэмісцкімі матэрыяламі” кантэнт старонкі “Зеркала” у “Інстаграме”. Інфармацыйная прадукцыя tut.by і “Зеркала”, змесціва іх старонак у сацыяльных сетках, мессенджарах і тэлеграм-каналах, а таксама лагатыпы атрымалі адпаведны статус яшчэ ў жніўні 2021 года паводле рашэння суда Цэнтральнага раёна Мінска.

Улады разграмілі найбуйнейшы недзяржаўны інтэрнэт-партал Беларусі tut.by у траўні 2021 года. Было затрымана 15 супрацоўнікаў. Частка з іх пазней была вызвалена, памілавана.

17 сакавіка 2023 года Мінскі гарадскі суд прыгаварыў галоўнага рэдактара Марыну Золатаву і гендырэктара Людмілу Чэкіну да 12 гадоў пазбаўлення волі (абедзве прызнаныя палітычнымі зняволенымі). Іншыя абвінавачаныя — рэдактар палітычна-эканамічнага блока Вольга Лойка, журналістка Алена Таўкачова і юрысконсульт Кацярына Ткачэнка — на працэс не з’явіліся, бо пасля вызвалення з-пад варты пакінулі Беларусь. Яны абвешчаны ў вышук.

Частка каманды tut.by, якая засталася на свабодзе, пакінула краіну і ў ліпені 2021 года стварыла праект “Зеркало”, які ў асноўным прытрымліваецца традыцый tut.by. У Беларусі і Расіі доступ да сайта заблакаваны.

14 чэрвеня 2022 года Эканамічны суд Мінска прызнаў ТАА “ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” “экстрэмісцкай арганізацыяй”.

15 жніўня 2022 года адміністрацыя “УКантакце” заблакавала групу партала “Зеркало”.

26 жніўня 2022 года Генеральная пракуратура распачала крымінальную справу “па факце распаўсюджвання групай нявыяўленых асобаў на інтэрнэт-рэсурсах “Флагшток” і “Зеркало” інфармацыі аб адмаўленні генацыду беларускага народа”.

Падзяліцца: