Мінск 23:44

Намеснік кіраўніка МЗС Амбразевіч назваў вайну ва Украіне канфліктам паміж Расіяй і НАТО

Фота: МЗС

17 снежня, Позірк. “Ігнараванне заходнімі краінамі інтарэсаў суседзяў” і “адмова ад выканання прынцыпу непадзельнасці бяспекі” прывялі да “палаючага на паўднёвых рубяжах” Беларусі “канфлікту паміж Расіяй і НАТО ва Украіне”, заявіў 17 снежня намеснік міністра замежных спраў Юрый Амбразевіч на анлайн-пасяджэнні Савета міністраў Нарады па ўзаемадзеянні і мерах даверу ў Азіі (НУМДА).

Паводле яго слоў, якія перадае прэс-служба МЗС, улады Беларусі “адчуваюць ціск непасрэдна на заходняй і паўночнай мяжы краіны”, дзе “члены НАТО размяшчаюць новыя войскі і актыўна ўзбройваюцца”.

“Беларусь ужо шмат гадоў гаворыць пра дэградацыю міжнароднай бяспекі і прапануе аднаўленне дзейнага дыялогу як на рэгіянальным еўрапейскім узроўні, так і на глабальным у мэтах стварэння яе абноўленай сістэмы, — сказаў чыноўнік. — <…> Беларусь прынцыпова прапануе ўсім зацікаўленым сумесную працу па выбудоўванні зразумелай і празрыстай для кожнага бяспекі ў Еўразіі на прынцыпах мірнага суіснавання і прызнання каштоўнасці разнастайнасці шляхоў прагрэсіўнага развіцця”.

“Кожны ўдзельнік гэтай сістэмы атрымае ўсім зразумелыя і эфектыўныя гарантыі сваёй бяспекі. Паўтаруся, што для дасягнення такога выніку нам не трэба аб’ядноўвацца супраць кагосьці. Проста кожнаму з нас, хто падтрымлівае гэты падыход, трэба будаваць сваю ўласную моцную і эфектыўную ва ўсіх сэнсах дзяржаву, адкрыта супрацоўнічаць і падтрымліваць адзін аднаго”, — дадаў Амбразевіч.

“Будучыня свабоднага гандлю”, паводле яго слоў, цяпер “пад вялікім пытаннем”. Прадстаўнік МЗС прагназуе “ў перспектыве вайну тарыфаў і бар’ераў”.

У сваім выступе прадстаўнік беларускіх уладаў традыцыйна паскардзіўся на міжнародныя санкцыі.

“Аднабаковыя эканамічныя абмежаванні заходніх краін супраць Беларусі, Расіі, Ірана і іншых краін уцягваюць у арбіту канфліктаў, народжаных у Еўропе і на Блізкім Усходзе, усе дзяржавы свету, нават геаграфічна далёкія”, — заявіў прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства.

16 снежня Амбразевіч заявіў, што “фінальныя дамоўленасці пра ўрэгуляванне канфлікту ва Украіне” павінны “абавязкова ўлічваць і інтарэсы Беларусі”.

Чыноўнік сцвярджае, што Беларусь “як ніхто іншы” зацікаўленая ў “мірным урэгуляванні канфлікту” ва Украіне, паколькі “ні адна краіна не хоча, каб каля яе межаў палалі ўзброеныя дзеянні”.

Ён запатрабаваў для Мінска “месцы за сталом мірных перамоў па Украіне, калі яны пачнуцца”.

Міністэрства замежных спраў Украіны “са здзіўленнем успрыняла заяву чыноўніка” МЗС Беларусі аб тым, што Мінск “прэтэндуе на месца за сталом мірных перамоў” для атрымання “нейкіх гарантый бяспекі”, заявіў у адказ на гэта прадстаўнік украінскага знешнепалітычнага ведамства Георгій Ціхі.

“Усё, на што маюць права прэтэндаваць беларускія чыноўнікі, — гэта справядлівы разгляд у рамках працэсу па прыцягненню агрэсара і яго паслугачоў да міжнародна-прававой адказнасці за злачынства агрэсіі супраць Украіны”, — гаворыцца ў заяве прадстаўніка ўкраінскага МЗС.

Падзяліцца: