Мінск 17:40

Адна з пацярпелых на пажары ў віцебскім ГЦ застаецца ў цяжкім стане

Фота: МНС

17 снежня, Позірк. Дзесяць чалавек, якія пацярпелі на пажары ў гандлёвым цэнтры “Беларусь” у Віцебску, застаюцца ў бальніцы, паведаміў мясцовым СМІ старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін.

Паводле слоў чыноўніка, стан адной з жанчын па-ранейшаму цяжкі, “яна атрымлівае ўсё неабходнае”.

Глава аблвыканкама адзначыў, што можна “асцярожна планаваць” далейшую выпіску пацярпелых, паводле яго прагнозаў, да выхадных у бальніцы застанецца чатыры чалавекі.

Увечары 13 снежня ў ГЦ адбыўся пажар, ахопленая агнём плошча дасягнула 2 тыс. квадратных метраў. 90 ратавальнікам спатрэбілася больш за чатыры гадзіны і 21 адзінка тэхнікі, каб справіцца са здарэннем. З будынка эвакуявалі больш за 200 чалавек.

14 снежня Следчы камітэт паведаміў аб пачатку крымінальнай справы па факце пажару ў віцебскім гандлёвым цэнтры “Беларусь”. Следства вядзецца паводле ч. 2 арт. 304 КК (парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі, што па неасцярожнасці прывяло да нанясенні шкоды ў вялікім памеры).

Міністэрства аховы здароўя паведамляла, што на 15 снежня было 20 пацярпелых, з якіх 16 былі шпіталізаваныя ў дзень пажару, чацвёра чалавек пазней звярнуліся па псіхалагічную дапамогу. Адна жанчына знаходзілася ў рэанімацыі ў цяжкім стане, яна была падключана да апарата ШВЛ.

16 снежня стала вядома аб затрыманні падазраваных у парушэнні патрабаванняў пажарнай бяспекі ў гандлёвым цэнтры “Беларусь”. Пасля нарады па пытаннях пажару ў кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Дзмітрыя Крутога міністр унутраных спраў Іван Кубракоў наведаў падазраваных у Першамайскім РАУС. У якім горадзе яны знаходзяцца і колькі іх, не паведамлялася.

Падзяліцца: