Мінск 21:53

Віцэ-спікер Савета Федэрацыі РФ Касачоў зноў прызначаны каардынатарам назіральнікаў ад МПА СНД на выбарах у Беларусі

Фота: МПА СНГ

17 снежня, Позірк. Намеснік старшыні Савета Федэрацыі Расіі Канстанцін Касачоў прызначаны каардынатарам групы міжнародных назіральнікаў ад міжпарламенцкай асамблеі (МПА) Садружнасці Незалежных дзяржаў на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі.

Як паведамляе прэс-служба МПА СНД, цяпер фарміруецца група назіральнікаў ад міжпарламенцкай асамблеі. У яе склад увойдуць парламентарыі краін садружнасці, службовыя асобы гэтых дзяржаў, эксперты ды інш.

Касачоў таксама быў каардынатарам групы назіральнікаў ад МПА СНД падчас парламенцкіх выбараў у Беларусі 25 лютага гэтага года.

Місіі наглядальнікаў СНД традыцыйна ўхваляе ход і вынікі выбарчых кампаній у Беларусі. Акрамя МПА сваіх назіральнікаў накіроўвае сама Садружнасць. Як і ў ранейшыя электаральныя кампаніі, місію ўзначальвае генеральны сакратар СНД Сяргей Лебедзеў (прызначаны 29 лістапада). Назіральнікі ад Садружнасці, як чакаецца, пачнуць працаваць 18 снежня.

Сёмая прэзідэнцкая кампанія (асноўны дзень галасавання прызначаны на 26 студзеня 2025 года) адбываецца пад поўным кантролем уладаў. Палітычнае поле краіны цалкам зачышчанае ад актыўных апанентаў Лукашэнкі. Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл за мяжой называюць тое, што адбываецца, “спецаперацыяй па ўтрыманні ўлады”, праваабаронцы кажуць пра імітацыю канкурэнцыі.

Назіральнікі ад АБСЕ, як і на мінулыя прэзідэнцкія і парламентскія выбары, не запрошаныя.

З 1996 года ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.

Падзяліцца: