Мінск 22:40

ЕС заклікае вызваліць супрацоўніка дэлегацыі ЕС у Беларусі прапаведніка Мікалая Хіло

Фота: "Позірк"

19 снежня, Позірк. Вызваліць палітвязня Мікалая Хіла, які з’яўляўся супрацоўнікам прадстаўніцтва Еўразвяза ў Беларусі і прапаведнікам царквы евангельскіх хрысціян-баптыстаў “Дабравестка”, заклікала Еўрапейская служба знешніх сувязяў, паведамляе выданне Politico.

“Мы заклікаем беларускія ўлады вызваліць яго неадкладна і безумоўна”, — заявіла прэс-сакратар ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Аніта Хіпер.

Мінскі гарадскі суд пачне разглядаць справу Хіло 23 снежня.

Хіло абвінавачваецца паводле ч. 3 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацбяспецы Беларусі) і ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса.

Раней праваабаронцы паведамлялі, што прапаведнік знаходзіцца пад вартай у межах арт. 368 КК (абраза прэзідэнта).

Хіла затрымалі 24 красавіка 2024 года. У канцы траўня стала вядома, што ў дачыненні да яго распачатая крымінальная справа, а сам ён знаходзіцца ў следчым ізалятары ў Калядзічах (Мінскі раён).

14 чэрвеня праваабарончая супольнасць прызнала яе палітвязнем.

Паводле даных ініцыятывы “Хрысціянская візія”, з 1 верасня 2020 года па 30 лістапада 2024-га пераследам у Беларусі падвергліся 86 хрысціянскіх служыцеляў, у тым ліку розных пратэстанцкіх цэркваў — 30.

Падзяліцца: