Мінск 05:01

Інфармагенцтва “Позірк” прызнана “экстрэмісцкім фарміраваннем”

Крыніца: "Позірк"

19 снежня, Позірк. Міністэрства ўнутраных спраў прызнала “экстрэмісцкім фарміраваннем” інфармацыйнае агенцтва “Позірк”, вынікае з абноўленага пераліку на сайце ведамства.

Датычнымі да “фарміравання” названыя журналістка Таццяна Каравянкова, праваабаронца Раман Кісляк, палітычныя аналітыкі Аляксандр Класкоўскі, Пётр Рудкоўскі і Аляксандр Фрыдман.

2 снежня рашэннем суда Цэнтральнага раёна Мінска акаўнты “Pozirk_online” у сацыяльных сетках “Х” і “Інстаграм” уключаныя ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

5 снежня 2023 года кантэнт сайта pozirk.online быў прызнаны “экстрэмісцкімі матэрыяламі” судом Цэнтральнага раёна Мінска. У лютым ён перастаў адкрывацца з Беларусі, верагодна, пасля блакавання ўладамі.

Сайт pozirk.online пачаў працу 16 кастрычніка мінулага года.

“Позірк” створаны часткай былой каманды найстарэйшага беларускага незалежнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН і першай у краіне інтэрнет-газеты Naviny.by.

Гэты ж суд 21 красавіка прызнаў “экстрэмісцкімі матэрыяламі” кантэнт праекту “Позірк”, размешчаны ў сацсетках і на сайце bpn-info.online.

Сайт pozirk.online пачаў працаваць 16 кастрычніка мінулага года.

12 лістапада 2021 года інфармацыйная кампанія БелаПАН была ўключана ў “пералік арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”, які складаюць МУС і КДБ.

Рашэнне аб унясенні БелаПАН у гэты спіс прыняў КДБ 1 лістапада 2021 года. “Экстрэмісцкім фарміраваннем” была прызнана “група грамадзян з ліку супрацоўнікаў інфармацыйнага агенцтва ЗАТ “БелаПАН”, якая “ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць”.

У самім спісе БелаПАН, які мае рэгістрацыю ў Міністэрстве інфармацыі, з’явіўся 12 лістапада, за тыдзень да 30-годдзя кампаніі. У інтарэсах бяспекі супрацоўнікаў адразу пасля гэтага рэдакцыя аб’явіла аб прыпыненні працы агенцтва і інтэрнэт-газеты БелаПАН Naviny.by (“Беларускія навіны”). Да таго часу пад вартай амаль тры месяцы (з 18 жніўня) знаходзіліся галоўны рэдактар — дырэктар БелаПАН Ірына Леўшына (асуджаная на 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі), былы дырэктар кампаніі Дзмітрый Наважылаў (на 6 гадоў), дзесяць месяцаў (з 12 студзеня) — былы намеснік дырэктара Андрэй Аляксандраў (на 14 гадоў).

Абвінавачанне ў стварэнні і кіраўніцтве “экстрэмісцкім фарміраваннем” першапачаткова не фігуравала, яно было прад’яўлена пасля ўключэння кампаніі ў “спіс экстрэмістаў”.

Журналісты і рэдактары БелаПАН былі вымушаны пакінуць Беларусь.

Эканамічны суд Мінска ліквідаваў ЗАТ “БелаПАН” у сакавіку гэтага года.

Падзяліцца: