Мінск 06:29

Два рэгіянальныя чаты прызнаныя “экстрэмісцкімі фарміраваннямі”

20 снежня, Позірк. Два чаты ў “Тэлеграме” прызнаныя “экстрэмісцкімі фарміраваннямі”: “Гомель — Старый Аэродром — Чат” і “Свободный Жлобин”.

Першы чат, у якім знаходзілася 46 чалавек, прызнаны “экстрэмісцкім” паводле рашэння МУС, другі, дзе быў 401 удзельнік, — КДБ. Рашэнні прынятыя 19 і 16 снежня адпаведна.

Паводле сцвярджэння сілавікоў, да гомельскага чату мае дачыненне мастачка Віялета Майшук, да жлобінскага — Кірыл Атаманчык, які больш за 10 гадоў жыве ў Літве і кіруе турыстычнай кампаніяй Vilnius Relax.

Майшук на выбарах прэзідэнта ў 2020 годзе ўваходзіла ў ініцыятыўную групу Святланы Ціханоўскай і з прычыны палітычнага пераследу з’ехала ва Украіну. Цяпер яна знаходзіцца ў Славакіі ў лагеры для ўцекачоў, дзе разам з мужам — гомельскім актывістам супольнасці “Краіна для жыцця” Дзмітрыем Лукомскім — чакае разгляду справы мясцовай міграцыйнай службай.

У кастрычніку Лукомскі быў арыштаваны ў Славакіі і змешчаны ў цэнтр утрымання замежнікаў. У лістападзе суд пастанавіў яго вызваліць. Пасля гэтага Лукомскі вярнуўся ў лагер да жонкі.

13 жніўня Следчы камітэт распачаў спецыяльную вытворчасць у дачыненні да Майшук. Яе абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 361¹ Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім).

Цяпер у спісе “экстрэмісцкіх фарміраванняў”, які вядуць МУС і КДБ, 256 пазіцый.

Падзяліцца: