Мінск 05:33

Пацярпелую падчас пажару ў віцебскім ГЦ перавезлі ў Мінск, яна па-ранейшаму на ШВЛ

ГЦ "Беларусь"
Крыніца: МНС

20 снежня, Позірк. Пацыентку, якая пацярпела падчас пажару ў гандлёвым цэнтры “Беларусь” і знаходзіцца на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх (ШВЛ), перавезлі ў Бальніцу хуткай медычнай дапамогі, паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

Транспарціроўка ажыццяўлялася спецаўтатранспартам у суправаджэнні рэанімацыйнай брыгады.

Пацыентка шпіталізаваная ў Рэспубліканскі апёкавы цэнтр пры бальніцы. У яе дыягнаставана цяжкая тэрмінальна-інгаляцыйная траўма.

“Ёй надаецца высокакваліфікаваная спецыялізаваная медыцынская дапамога. Прадпрымаюцца ўсе неабходныя дыягнастычныя і лячэбныя мерапрыемствы,” — адзначыла міністэрства.

Астатнія 19 чалавек, якія былі шпіталізаваныя з рознымі траўмамі ў выніку пажару ў Віцебску, выпісаныя і цяпер праходзяць амбулаторнае лячэнне.

Увечары 13 снежня ў ГЦ “Беларусь” здарыўся пажар, агульная плошча якога склала 2 тысячы квадратных метраў. 90 выратавальнікам спатрэбілася больш за чатыры гадзіны і 21 адзінка тэхнікі, каб даць рады здарэнню. З будынка эвакуявалі больш за 200 чалавек.

14 снежня Следчы камітэт паведаміў пра пачатак крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 304 КК (парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі, якое па неасцярожнасці прывяло да прычынення шкоды ў буйным памеры).

16 снежня стала вядома пра затрыманне падазраваных у парушэнні патрабаванняў пажарнай бяспекі ў ГЦ “Беларусь”.

18 снежня старшыня Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Аляксей Волкаў у эфіры тэлеканала АНТ заявіў, што на месцы пажару выяўленыя прыкметы кароткага замыкання.

Падзяліцца: