Мінск 10:28

Латушка абмеркаваў з новым спецдакладчыкам ААН “драматычную сітуацыю” з правамі чалавека ў Беларусі

Лагатып Савета по правах чалавека ААН
Крыніца: сайт ААН

21 снежня, Позірк. “Драматычная сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі, якая з пазіцыі апошніх дзесяцігоддзяў мае беспрэцэдэнтны характар ​​у Еўропе” абмеркавана на сустрэчы намесніка кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі са спецдакладчыкам ААН па правах чалавека Нілсам Муйжніексам 20 снежня ў Варшаве.

Таксама, паводле інфармацыі АПК, размова ішла аб напрамках, якія “будуць у прыярытэтнай увазе” спецыяльнага дакладчыка ў рамках мандата.

“Бакі дамовіліся аб механізмах перадачы наяўнай у НАУ інфармацыі аб парушэннях правоў чалавека, учыненых рэжымам Лукашэнкі, а таксама аб міжнародных злачынствах, учыненых асабіста дыктатарам і іншымі высокапастаўленымі прадстаўнікамі рэжыму”, — гаворыцца ў рэлізе.

“Мы ўдзячныя спадару Мужніексу за адкрытасць да супрацоўніцтва з беларускай грамадзянскай супольнасцю і жадаем эфектыўнай работы ў рэалізацыі мандата спецдакладчыка ААН па Беларусі, гатовы да максімальна шырокага і актыўнага ўзаемадзеяння для дасягнення важнейшай мэты – выканання правоў чалавека ў Беларусі”, — адзначыў Латушка.

Пра тое, што Нілс Райманд Муйжніекс выбраны новым спецдакладчыкам па правах чалавека ў Беларусі, было абвешчана 11 кастрычніка на 57-й сесіі СПЧ ААН.

Муйжніекс нарадзіўся 31 студзеня 1964 года ў Лос-Анджэлесе (ЗША) у сям’і латышскіх эмігрантаў. Валодае англійскай, латышскай, французскай і рускай мовамі.

У 2012–2018 гадах ён быў камісарам Савета Еўропы па правах чалавека. У 2020–2024 гадах займаў пасаду дырэктара Еўрапейскага рэгіянальнага офіса міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International.

Мандат спецдакладчыка па правах чалавека ў Беларусі заснаваны ў 2012 годзе і з таго часу штогод працягваецца (апошні раз — у красавіку гэтага года).

З лістапада 2018 года пасаду займала францужанка Анаіс Марэн, яна пакінула яе 1 лістапада 2024-га.

Падзяліцца: