Мінск 14:33

Арт-менеджару Чахоўскаму пасля завочнага перагляду справы павялічылі тэрмін зняволення ў 28 разоў

Ілюстрацыйнае фота: "Наша Ніва"

23 снежня, Позірк. Арт-менеджар Аляксандр Чахоўскі завочна прыгавораны да сямі гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і аштрафаваны на 800 базавых велічынь (32 тыс. рублёў). Адпаведнае рашэнне пасля перагляду справы мужчыны прынятае ў Брэсцкім абласным судзе, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, суддзя Сяргей Беразюк абвясціў вырак яшчэ 13 снежня.

У чэрвені вышэйзгаданы суд завочна прыгаварыў Чахоўскага да трох месяцаў арышту паводле арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і 370 (знявага дзяржаўных сімвалаў) Крымінальнага кодэкса.

Пазней Вярхоўны суд скасаваў першапачатковы прыгавор і адправіў справу на перагляд. Да паўторнага разбіральніцтва Чахоўскага сталі абвінавачваць не толькі ў дзеяннях, прадугледжаных згаданымі арт. 369 і 370, але таксама ў “кіраўніцтве экстрэмісцкім фарміраваннем” (ч. 1 арт. 3611) і “садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці” (ч. 1 і 2 арт. 3614).

Блогер Андрэй Павук, які праходзіў па той жа справе, у чэрвені быў завочна прыгавораны да 12 гадоў пазбаўлення волі, блогеры Вольга Павук, Ілля Салянкоў, а таксама рок-музыка Уладзіслаў Наважылаў — да 8 гадоў; былая оперная спявачка Маргарыта Ляўчук — да 6 гадоў.

Пра тое, што завочны прыгавор “у дачыненні да кіраўнікоў і ўдзельнікаў экстрэмісцкага фарміравання “Рудабельская паказуха” набыў моц, Генеральная пракуратура паведаміла 25 верасня. У абвінаваўчым заключэнні фігуравала 13 артыкулаў КК.

Падзяліцца: