Мінск 14:43

За мінулыя суткі ў Беларусі стала на 5 ахвяр пажараў больш

Ілюстрацыйнае фота: Raquel Raclette / unsplash.com

23 снежня, Позірк. Колькасць ахвяр пажараў у Беларусі за мінулыя дзяжурныя суткі (з 6:00 22 снежня да 6:00 23 снежня) павялічылася на 5, вынікае з аператыўнай зводкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Адзін з іх — грамадзянін 1957 года нараджэння — памёр мінулай раніцай ад апёкаў, якія ён атрымаў 25 лістапада падчас пажару ў жылым доме ў вёсцы Забалоцце (Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці).

Астатнія чатыры чалавекі сталі ахвярамі агню непасрэдна 22 снежня. Паводле звестак МНС, пажар у жылым доме ў вёсцы Чырвоная Дубрава забраў жыццё мужчыны 1963 г.н., у жылым доме ў вёсцы Лотвіны — мужчыны 1964 г.н. (абодва населеныя пункты знаходзяцца ў Капыльскім раёне Мінскай вобласці), у жылым доме ў аграгарадку Рудкоўшчына (Горацкі раён Магілёўскай вобласці) — жанчыны 1952 г.н.; у кватэры на трэцім паверсе пяціпавярховага жылога дома ў Баранавічах (Брэсцкая вобласць) — мужчыны 1973 г.н.

Ад пачатку года ахвярамі пажараў у Беларусі стала 536 чалавек — на 9,8% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года (488). Траўмавана 599 чалавек (522, +14,75%).

Падзяліцца: