Мінск 21:00

Больш за ўсё подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты сабраў Лукашэнка, менш за ўсё — Хіжняк, сцвярджае ЦВК

Крыніца: ЦВК

23 снежня, Позірк. Больш за ўсё подпісаў — 2.518.145 — сабрана за вылучэнне Аляксандра Лукашэнкі кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2025 года. Такая колькасць была названая 23 снежня на пасяджэнні Цэнтральнай выбарчай камісіі.

Далей у парадку змяншэння:

  • лідар праўладнай Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч — 134.472;
  • старшыня лаяльнай уладам Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Сяргей Сыранкоў — 125.577;
  • былы член Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў у 2016–2019 гадах, удзельніца выбарчай кампаніі 2020 года Ганна Канапацкая, якая даўно не выступае з крытыкай Лукашэнкі — 121.077;
  • кіраўнік Камуністычнай партыі Беларусі, якая падтрымлівае Лукашэнку, Аляксандр Хіжняк— 112.779.

Такім чынам усе прэтэндэнты пераадолелі неабходны парог у 100.000 подпісаў, сцвярджае ЦВК. Праверыць дакладнасць лічбаў не ўяўляецца магчымым.

Сёмыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць 26 студзеня 2025 года.

Прэзідэнцкая кампанія праходзіць пад поўным кантролем улад. Палітычнае поле краіны цалкам зачышчанае ад актыўных апанентаў Лукашэнкі. Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл за мяжой называюць тое, што адбываецца, “спецаперацыяй па ўтрыманні ўлады”, праваабаронцы кажуць пра імітацыю канкурэнцыі.

З 1996 года ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнана незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.

Падзяліцца: