Мінск 22:57

Дзяржкамваенпрам справаздачыўся аб распрацоўцы і выпрабаванні комплексу, здольнага збіваць малапамерныя беспілотнікі

Скрыншот: Дзяржкамваенпрам

23 снежня, Позірк. Беларускія спецыялісты завяршылі “доследна-канструктарскую працу” па стварэнні мабільнага комплексу “Сапсан”, прызначанага для “процідзеяння малапамерным беспілотным лятальным апаратам” (МБЛА), паведамляе Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт (ДВПК).

На відэа, апублікаваным у тэлеграм-канале ведамства, паказаныя выпрабаванні комплексу з кулямётнай стральбой па паветраных цэлях.

Заяўляецца, што “Сапсан” можа ажыццяўляць “прыкрыццё крытычна важных аб’ектаў ад МБЛА”, ён “забяспечвае іх пошук, выяўленне, суправаджэнне, радыёэлектроннае падаўленне і агнявое паражэнне ў аўтаматызаваным рэжыме”.

Распрацоўшчыкі сцвярджаюць, што комплекс здольны выяўляць малыя дроны на адлегласці не менш 3.000 метраў сродкамі радыёлакацыі і не менш 1.800 м — сродкамі оптыка-электроннай выведкі. Агнявое паражэнне МБЛА магчыма на далёкасці не менш за 400 м.

“Комплекс змантаваны на шасі падвышанай праходнасці МЗКТ-500-200-010, мае адкрытую канфігурацыю і можа ўключаць некалькі разведвальна-агнявых модуляў (з працоўнымі месцамі баявога разліку, сродкамі радыёлакацыі і оптыка-электроннай разведкі, сувязі і агнявога паражэння), а таксама станцыі і комплексы радыётэхнічнай выведкі і РЭБ”, — гаворыцца ў паведамленні.

24 верасня падчас наведвання 230-га агульнавайсковага палігона Абуз-Лясноўскі (Брэсцкая вобласць) Аляксандр Лукашэнка, як паведамляла яго прэс-служба, азнаёміўся з “айчыннымі распрацоўкамі ў сферы БПЛА”, а таксама “навінкамі і дапрацоўкамі ў ранейшых мадэлях”.

Яму далажылі аб перспектывах “развіцця радыёэлектроннай барацьбы пры супрацьдзеянні беспілотнай авіяцыі”.

Ён адзначыў, што ў вытворчасці падобных сродкаў трэба максімальна арыентавацца на айчынныя камплектуючыя: “Трэба, каб было ўсё сваё. Нам трэба вызначыцца, што мы ў першую чаргу павінны вырабіць і куды паставіць”.

10 снежня прэс-служба Міністэрства абароны паведаміла аб правядзенні ўдзельнікамі збораў аператараў беспілотнікаў у 38-й Брэсцкай асобнай дэсантна-штурмавой брыгадзе вучэнняў па вядзенні паветранай разведкі і карэкціроўкі артылерыйскіх удараў. “Асаблівая ўвага”, як заяўлялася, надаецца працы з дронамі ва ўмовах радыёэлектронных перашкод, а таксама вопыту іх прымянення ў “сучасных узброеных канфліктах”.

З ліпеня гэтага года Узброеныя сілы Украіны рэгулярна паведамляюць пра ўварванне ў беларускую паветраную прастору расійскіх ударных беспілотнікаў.

Падзяліцца: