Мінск 03:54

Лукашэнка лічыць Азербайджан “надзейным стратэгічным партнёрам” Беларусі

Лукашэнка і Аліеў у Баку 11 лістапада 2024 года
Фото: сайт президента Азербайджана

24 снежня, Позірк. Азербайджан пад “мудрым кіраўніцтвам” Ільхама Аліева “грае ўсё больш значную ролю ў цюркскім свеце, умацоўвае сваё лідарства ў рэгіёне і з’яўляецца надзейным стратэгічным партнёрам” Беларусі, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 24 снежня палітыка з 63-годдзем.

Віншавальнік, мяркуючы з апублікаванага яго прэс-службай паслання, упэўнены, што “паспяховае правядзенне глабальнага кліматычнага форуму COP29 і саміту сусветных лідараў яшчэ мацней умацавала міжнародны аўтарытэт Азербайджана”.

На згаданым форуме сёлета ў лістападзе ў Баку, які праігнаравалі многія лідары дэмакратычных краін, Лукашэнка сярод іншага крытыкаваў Захад і казаў пра неабходнасць “дапамагчы краінам, што развіваюцца, атрымаць роўны доступ да зялёных тэхналогій без шкоды для іх нацыянальных інтарэсаў”, для чаго варта “скасаваць усё, што перашкаджае міжнароднаму гандлю тэхналогіямі, абмену інавацыямі і найлепшымі практыкамі”.

Афіцыйны Мінск актыўна наладжвае стасункі з Азербайджанам, які фактычна з’яўляецца праціўнікам Арменіі — саюзніка Беларусі па Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ).

Летась увосень Азербайджан правёў у Нагорным Карабаху “антытэрарыстычныя мерапрыемствы лакальнага характару”, у выніку якіх рэгіён цалкам перайшоў пад кантроль Баку. Кіраўніцтва непрызнанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі (НКР) абвясціла пра спыненне існавання самаабвешчанай дзяржавы з 1 студзеня 2024 года.

Арменія, якая была на баку НКР, раскрытыкавала АДКБ за адсутнасць падтрымкі ў вайне з Азербайджанам за Нагорны Карабах і фактычна згарнула свой удзел у дзейнасці арганізацыі.

13 чэрвеня 2024 года прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян заявіў, што ні ён, ані які-небудзь іншы афіцыйны прадстаўнік краіны не паедзе ў Беларусь, пакуль ва ўладзе ў Мінску знаходзіцца Лукашэнка. Кіраўнік армянскага ўрада сказаў пра гэта ў кантэксце заяў Лукашэнкі пра карабахскі канфлікт на сустрэчы з Аліевым у сярэдзіне траўня. У той жа дзень амбасадар Арменіі быў выкліканы ў Ерэван для кансультацый.

4 снежня Пашынян адзначыў, што Арменія не накладвае вета на рашэнні, якія прымаюцца ў рамках АДКБ, паколькі лічыць сябе па-за гэтым аб’яднаннем і не ўдзельнічае ў яго працы.

Падзяліцца: