Мінск 16:40

Перастаў адкрывацца прызнаны “экстрэмісцкім” сайт Grodno.in

Скрыншот заархіваванай галоўнай старонкі сайта Grodno.in

24 снежня, Позірк. Сайт Grodno.in, кантэнт якога суд Ленінскага раёна Гродна напярэдадні прызнаў “экстрэмісцкімі матэрыяламі”, 24 снежня перастаў адкрывацца як у Беларусі, так і па-за яе межамі.

Верагодна, сайт спыніў працу, перайсці на яго немагчыма нават з дапамогай VPN. На карысць гэтай версіі кажа і тое, што ўсе звязаныя з праектам старонкі ў сацыяльных сетках перасталі абнаўляцца 23 снежня.

Як паведамляў “Позірк”, апрача сайта “экстрэмісцкімі матэрыяламі” прызналі кантэнт тэлеграм-канала “Grodno.in | Новости и афиша Гродно” ды “Работа в Гродно – Grodno.in”, акаўнта grodnoin у “ЦікТоку”, старонак Grodnoin у “Інстаграме”, Grodno.in у Х і “Фэйсбуку”, Grodno In у “Аднакласніках”, суполкі “Гродно – Grodno.in” у сацсетцы “УКантакце”, а таксама “візуальны матэрыял альбо тэкст “Grodno.in”.

Сайт Grodno.in публікаваў навіны, рэпартажы, рэкламу і аб’явы.

Увесну 2024 года ўладальнікі праекту падалі ў суд на правадніцу “рускага свету” Вольгу Бондарову, якая жыве ў Гродне. Паведамлялася, што яна раскрытыкавала апублікаваную афішу студэнцкай вечарынкі, дзе былі выяўленыя дзяўчыны, якія абдымаліся. Спрэчка паміж бакамі была ўрэгуляваная праз медыятара.

30 кастрычніка “экстрэмісцкімі матэрыяламі” прызналі кантэнт іншага папулярнага гродзенскага сайта — s13.ru, а таксама звязанага з ім тэлеграм-канала. 5 лістапада Камітэт дзяржаўнай бяспекі прызнаў праект “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

Падзяліцца: